Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьмесьціць даляравыя аблігацыі ў ЗША і Вялікабрытаніі 


Міністар фінансаў Уладзімер Амарын анансаваў разьмяшчэньне эўрааблігацый на 600 мільёнаў даляраў

15 лютага Беларусь пачне разьмяшчэньне ў ЗША і Вялікабрытаніі даляравых аблігацый. Арганізатарамі выступаюць банкі Citi (ЗША) і Raiffeisen (Аўстрыя), а таксама Банк разьвіцьця (Беларусь).

Раней пра намер разьмясціць аблігацыі на 600 мільёнаў даляраў у першым паўгодзьдзі 2018-га заяўляў міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын.

Як нагадвае TUT.by, летась Беларусь разьмясьціла два траншы аблігацый з пагашэньнем ў лютым 2023 году і ў чэрвені 2027 году ў аб’ёме 800 мільёнаў і 600 мільёнаў даляраў адпаведна. Даходнасьць кароткага траншу ўсталяваная на ўзроўні 7,1% гадавых, доўгага — 7,6%. Сукупны попыт інвэстараў перавысіў 3 мільярды даляраў.

Ад моманту апошняга разьмяшчэньня адбылося некалькі пазытыўных падзеяў. Па-першае, Беларусь перамясьцілася з 7-й (самай горшай) у 6-ю групу краін паводле клясыфікацыі крэдытнай рызыкі ў рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. Па-другое, міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings падвысіла доўгатэрміновыя рэйтынгі дэфолту эмітэнта Беларусі ў замежнай і нацыянальнай валюце да ўзроўню «B» з «B-» са «стабільным» прагнозам.

Гэта, а таксама своечасова выкананыя абавязаньні на пагашэньне папярэдняга выпуску эўрабондаў дазваляе разьлічваць на некаторае зьніжэньне стаўкі па новых аблігацыях.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG