Кангрэс ЗША ня здолеў своечасова зацьвердзіць законапраект аб бюджэце. Зацягнуў паседжаньне сэнатар Рэнд Пол, які дзевяць гадзін выступаў, пратэстуючы супраць павелічэньня дэфіцыту бюджэту на 300 мільярдаў даляраў.
Як перадае «Голас Амэрыкі», у ноч з чацьвярга на пятніцу скончыўся тэрмін фінансаваньня большасьці фэдэральных ведамстваў, паколькі Кангрэс не пасьпеў прыняць неабходныя захады да паўночы.
Гэта тэхнічна справакавала частковае закрыцьцё ўраду, аднак яно можа стаць нядоўгім. Чакаецца, што Сэнат усё ж прыме часовы бюджэт і накіруе яго ў Палату прадстаўнікоў, дзе абяцаюць, што пакет будзе прыняты да пачатку працоўнага дня.
Калі так і здарыцца, у працы фэдэральнага ўраду ня будзе відавочных перабояў. Калі ж не, то сьледам здарыцца рэальнае закрыцьцё ўраду — другое ад пачатку 2018 году. Сёлета ў студзені фэдэральныя ўстановы ўжо прыпынялі працу на тры дні.