Былы галоўны інжынэр ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» заключаны пад варту. БелаПАН цытуе афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Юлію Ганчарову, якая паведаміла, што хадайніцтва сьледзтва аб ужываньні меры стрыманьня было заяўлена 7 лютага і пракурор яго задаволіў.
Падазраванаму выстаўленае абвінавачваньне за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры.
5 лютага суд Фрунзэнскага раёну Менску апраўдаў Андрэя Галавача ў справе атрыманьня хабару ў 180 тыс рублёў. Адразу пасьля апраўдальнага прысуду, там жа ў судзе яго затрымалі супрацоўнікі ГУБЭЗ МУС, цяпер ужо за справу, у якой фігуруе хабар у 70 тыс даляраў. Нібыта галоўны інжынэр атрымаў іх ад замежнай фірмы за магчымасьць паставак на завод дарагога абсталяваньня.