Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вырабяць памятныя дошкі ў гонар сямі славутых беларусаў


Адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі Рыгору Барадуліну ў Менску, на доме, дзе ён жыў, 24 сьнежня 2017

Восем памятных дошак у гонар знакамітых беларусаў вырабяць 8 лютага ў Менску падчас міжнароднай выставы «Мэмарыял. Камнеапрацоўка», паведамілі БЕЛТА арганізатары выставы.

На плітах з каменя будуць выбітыя імёны кампазытара Станіслава Манюшкі, пісьменьніка Васіля Быкава, паэтаў Язэпа Пушчы і Рыгора Барадуліна, шляхціца, дэпутата Сэйму Рэчы Паспалітай ад Наваградзкага ваяводзтва ВКЛ Тадэвуша Рэйтана, а таксама Рудольфа і Сафіі Пішчалаў.

За працэсам стварэньня змогуць назіраць усе ахвотныя, гатовыя вырабы потым перададуць валянтэрам і прадстаўнікам грамадзкіх ініцыятываў, якія ўсталююць іх на выбраных месцах.

Дзьве мэмарыяльныя дошкі разьмесьцяць на магільным склепе роду Рэйтанаў у Ляхавічах, дзе цяпер вядуцца работы па кансэрвацыі і рэстаўрацыі фамільнай сьвятыні.

Мэмарыяльныя дошкі ў гонар Васіля Быкава, Язэпа Пушчы, Рыгора Барадуліна зьявяцца на іх малой радзіме — у вёсках Бычкі Ушацкага раёну, Каралішчавічы Менскага раёну, Ушачах.

Адну з памятных шыльдаў усталююць на фасадзе касьцёла Апекі Божай Маці ў вёсцы Каралішчавічы. Яна нагадае аб тым, што тут, у маёнтку графаў Прушынскіх, стваральнік першай беларускай опэры Станіслаў Манюшка атрымаў першыя ўрокі ігры на органе.

Мэмарыяльная дошка Рудольфу і Сафіі Пішчалам будзе прымацаваная да валуну ў вёсцы Гарадзішча Менскага раёну, дзе аднаўляецца шляхецкае пахаваньне. «Рудольф Пішчала быў стваральнікам Пішчалаўскага замку, аднаго з самых вялікіх гістарычных будынкаў у Менску, якому хутка споўніцца 200 гадоў», — нагадалі арганізатары.

Міжнародная выстава «Мэмарыял. Камнеапрацоўка» праходзіць у Менску 7-9 лютага. Сярод грамадзкіх арганізацыяў, якія падтрымалі праект — ТБМ імя Францішка Скарыны, «Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана» ды інш.


У Менску зьявіцца памятная дошка Рыгору Барадуліну

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG