Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб начальнікі пажылі на марозе, можа б нешта зьмянілася», — гомельскі бяздомнік


У маразы адзіны паратунак для гомельскіх бяздомных — людзкая дапамога ды больш-менш цёплыя падвалы шматкватэрных дамоў. На нейкія захады ўладаў бяздомныя грамадзяне не разьлічваюць.

Заробак каля кантэйнэра для сьмецьця

Апоўдні начны мароз крыху асеў, і 56-гадовы жыхар Гомля Леанід выправіўся «на заробкі». У двары на праспэкце Перамогі прыстаў да сьмецьцевых кантэйнэраў — стаў выбіраць пустыя шкляныя бутэлькі, розныя жалезкі ды іншую драбязу.

«Рукавіцы парваліся, рукі калеюць. Пакуль не зачынілі прыёмны пункт шклатары, хачу здаць бутэлькі — капейка будзе. Куплю якую сасіску і грам сто выпіць моцненькай — можа, сагрэюся».

Мужчына кажа, што мінулую ноч, як і папярэднія, начаваў у падвале шматпавярховіка на вуліцы Карповіча:

«Не, адрас не скажу і не пакажу — гэта маё прыстанішча. У мяне там ляжанка, „спальня“ мая. Добрыя людзі далі ватную коўдру. Перабіваюся. Кранік ёсьць у трубе, можна крыху твар апаласнуць, пагаліцца. Я стараюся не засьмечваць падвал. Нават калі й закуру, то ў мяне ёсьць попельніца з бляшанкі».

Суразмоўца кажа, што бяздомнікам ён ужо дзясятка паўтара гадоў. Сам кіроўца, слесар-рамонтнік. Былы дэсантнік. У войску за саветамі служыў у Тульскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Быў жанаты. Дачка жыве недзе ў Італіі. Вырасла і эмігравала. Яна выхоўвалася ў дзетдоме, бо маці, жонка Леаніда, захварэла на расстройства асобы.

Сам Леанід, калі працаваў сьлесарам, самавольна ўгнаў аўтамашыну і трапіў у аварыю. Была ахвяра. Прызналі вінаватым і пасадзілі. Быў на лесапавале ў Комі. Вызваліўся і стаў езьдзіць у Расею на заробкі. Вярнуўся ў 2002 годзе, а сямейная хата ў вёсцы Сеўрукі, што пад Гомлем, стаіць напаўвыгаралая знутры. Бацькоў Леаніда на той час ужо не было — адышлі ў лепшы сьвет. Бацька Мікалай, той наагул памёр заўчасна ад раку. У хаце жыў старэйшы брат, вадзіў кампаніі, курыў у ложку і не зьбярог сядзібу. З тае пары жыцьцё ў Леаніда й пакацілася ў тартарары — ён так і не займеў свайго кута.

«Мы для ўлады ня людзі, мы ніхто і зваць нас ніяк, — кажа Леанід. — Чуў, у Менску ёсьць начлежка для бяздомных. У Гомлі такой няма, хоць валацуг у горадзе багата. Нам калі хто й дапаможа, то гэта толькі ў прытулку сясьцёр маці Тэрэзы на вуліцы Савецкай. Яны там ад каталіцкага касьцёлу. Там і пакормяць, і вопраткай дапамогуць, і нескладаную мэдычную дапамогу акажуць».

Гарадзкі бяздомнік толькі ўсьміхаецца на новы «дармаедзкі» дэкрэт, паводле якога той, хто ня робіць унёскаў у страхавы фонд, павінен аплачваць поўны кошт сацыяльных паслуг, у прыватнасьці, мэдычных.

«Дзякаваць Богу, яшчэ трымаюся. Стараюся ня падаць духам. Але дзе я вазьму дзесяць ці дваццаць рублёў, каб паказацца лекару? Зімою за дзень магу зарабіць два ці тры рублі — на іх і жыву. Летам крыху ямчэй. Бывала, і пяць рублёў заробіш, і сем», — кажа Леанід.

Міліцыя і «абагрэў» бамжоў

Бяздомнік кажа, што на такіх, як ён, гарадзкая міліцыя «малюе паказьнікі» для справаздачнасьці. Штрафаў у Леаніда, паводле яго слоў, ужо рублёў на 50 ці 70. Бывае, уначы тэпае па ходніку. Бачыць, на другім баку вуліцы бліснула бутэлька пад сьвятлом ліхтара. Кіруецца напрасткі, не шукаючы пераходу. І тут адкуль ні вазьміся падлятае на аўтамашыне міліцыя: «Стоп, ідзі сюды, пратакольчык складзем».

«Учора на аўтавакзале міліцыянт кліча: „Пайшлі, пагрэесься. Гарбаткі заварым, цыгарэтку дамо. Заадно й пратакол складзем“. Мне, маўляў, усё адно, а ім паказьнікі патрэбныя. Я ўпіраюся, аднекваюся. Мне лепей шклатару зьбіраць і самому купіць гарбатку ды цыгарэтку», — кажа Леанід.

Гадзіньнік бадзягі
Гадзіньнік бадзягі

Чорная куртка ў Леаніда завязаная на дроцік — гузікаў няма, маланка парвалася.

«У аддзяленьні міліцыі на Чырвонаармейскай валтузілі, прышпільвалі кайданкамі да кратаў. І пашпарта ў мяне няма, і выгляд гораду я псую, бо ў цэнтры бадзяюся — гэтак са мной разьбіраліся», — кажа Леанід і дастае з кішэні наручны гадзіньнік жоўтага мэталу, каб спраўдзіць час і не спазьніцца ў пункт прыёму шклатары.

Леанід кажа, што за некалькі апошніх гадоў бадзяньня знайшоў ажно тры гадзіньнікі. Два прадаў, а трэці, «залаты», пакінуў сабе. Але ён пакуль так і не паказаў шчасьлівейшага часу.

Бяздомнік з заводу

Каля пункту прыёму шклатары напаткаўся яшчэ адзін гарадзкі бяздомнік сталага веку. Ён з кульбакаю, прыпадае на левую нагу. Твар няголены, змучаны. Назваўся Анатолем, яму 64 гады.

Анатоль — былы рабочы «Гомсельмашу»
Анатоль — былы рабочы «Гомсельмашу»

Начуе ў падвалах, а днём клыпае па горадзе ў пошуках шклатары ды іншай другаснай сыравіны, якую можна здаць у нарыхтоўчы пункт. Стары чайнік, зьмешвальнік вады — усё прыдасца.

Анатоль кажа, калі маразы моцна прыціснуць, то просіцца пераначаваць да знаёмай жанчыны, у якой ёсьць кватэра. Але асноўнае месца жыхарства — падвальныя сутарэньні.

Пэнсію Анатоль пакуль не атрымлівае — не афармляюць, бо няма пашпарта. А безь яго ў аддзел сацыяльнага забесьпячэньня і сунуцца няма чаго.

«Раней я працаваў зваршчыкам у Хойніках на аўтабазе. У 1985 годзе разьвёўся з жонкаю і пераехаў у Гомель. Уладкаваўся на ЗЛІНе (завод ліцьця і нармаляў „Гомсельмашу“. — РС), жняяркі варыў, у ліцейным цэху тужыўся. Цяпер, бачыце, на вуліцы. Во здаў пару бутэлек — 20 капеек атрымаў», — кажа Анатоль.

Пакуль рабіў на ЗЛІНе, жыў у інтэрнаце. Анатоль не хавае, што выпіваў. Калі стаў прагульваць, звольнілі. Страціў месца ў інтэрнаце. Так і бадзяжнічае — без малога два дзесяцігодзьдзі.

Паслугамі Чырвонага Крыжа, які арганізоўвае абагрэў гарадзкіх валацуг, калі тэмпэратура апускаецца ніжэй за мінус 15, не карыстаецца.

«А чаго хадзіць ды шукаць іх? Не хадзіў і ня ведаю пра іх. Тут і так з кульбакай ледзьве калдыбаеш, — кажа стары і дадае: — Вось каб начальнікі пажылі на марозе, можа, нешта зьмянілася б. Яно ж не даходзіць, калі сядзець у цёплых кабінэтах ды кватэрах».

Анатоль, як і Леанід, ведае толькі прытулак сясьцёр Маці Тэрэзы, дзе сапраўды можна абагрэцца, прыняць душ, памяняць бялізну і падсілкавацца. Але аднаго гуманітарнага прытулку на паўмільённы горад яўна замала.

Гомельскі аблвыканкам яшчэ ў 2011 годзе вырашыў арганізаваць першы ў рэгіёне начны прытулак для асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. Жлобінскаму, Мазырскаму, Рэчыцкаму ды Сьветлагорскаму райвыканкамам даручылі знайсьці памяшканьні. Аднак і праз шэсьць гадоў ніводзін прытулак так і не зьявіўся. Тым часам лютаўскія маразы заганяюць бяздомных у сутарэньні, пад’езды шматпавярховікаў і нават у каналізацыйныя люкі — усюды, дзе ёсьць хоць якое цяпло.

Начлежка, падвалы, зямлянка, — як беспрытульнікі ратуюцца ад сьцюжы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG