Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуда падпіша законапраект, які пасварыў Польшчу з Ізраілем і Ўкраінай


Прызэдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што падпіша папраўкі закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якія дазволяць караць трыма гадамі турмы за выкарыстаньне фармулёўкі «польскія лягеры сьмерці». Закон таксама дазваляе пачынаць крымінальныя справы за адмаўленьне злачынстваў ўкраінскіх нацыяналістаў.

Пра гэта польскі прэзыдэнт заявіў на адмысловым брыфінгу ў Варшаве.

«У нас ёсьць права на гістарычную праўду. Я прыняў рашэньне падпісаць закон. Гэтыя правілы ўвойдуць у жыцьцё. У той жа час законапраект будзе накіраваны ў Канстытуцыйны суд» - сказаў Анджэй Дуда.

Канстытуцыйны суд павінен прааналізаваць, ці не пярэчаць запісы законапраекту артыкулам Канстытуцыі пра свабоду слова.

Паводле закону, кожны, хто публічна і насуперак фактам прыпісвае польскаму народу або дзяржаве поўную або частковую адказнасьць за злачынствы, учыненыя гітлераўскай Нямеччынай або іншыя злачынствы супраць чалавецтва, міру і ваенныя злачынствы — будзе пакараны штрафам або пазбаўленьнем волі тэрмінам да трох гадоў.

Ідэнтычнае пакараньне пагражае за «грубае зьмяншэньне адказнасьці рэальных выканаўцаў гэтых злачынстваў».

У выпадку ненаўмыснага парушэньня закону пагражае штраф і абмежаваньні волі. Адказнасьць не пагражае ў выпадку «мастацкай або навуковай дзейнасьці».

Закон датычыць грамадзян Польшчы і іншаземцаў, незалежна ад правілаў, якія дзейнічаюць у месцы ўчыненьня злачынства — гэта значыць, што такія выказваньні будуць лічыцца крымінальнымі нават калі яны зробленыя не на тэрыторыі Польшчы.

Дэпутаты прынялі рашэньне дадаць да закону запіс, які дазволіць пачынаць крымінальныя справы за адмаўленьне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў у 1925-1950 гадах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG