Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названы топ-5 інцыдэнтаў на беларускай мяжы за 2017 год. ВІДЭА


Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі на сваім YouTube-канале апублікаваў відэа, у якім сабраныя топ-5 здарэньняў на беларускай мяжы ў 2017 годзе.

​Адкрывае рэйтынг выпадак, які здарыўся 30 кастрычніка ў пункце пропуску «Грыгараўшчына». Грамадзянін Латвіі спрабаваў прарвацца празь мяжу, але яго спынілі супольнымі намаганьнямі беларускія і латвійскія памежнікі.

Чацьвёртае месца заняў інцыдэнт у пункце пропуску «Макраны». 9 сьнежня падчас праходжаньня пашпартнага кантролю на мяжы Беларусі жыхар Львоўскай вобласьці вырашыў вярнуцца на тэрыторыю Ўкраіны. На патрабаваньне памежнікаў спыніцца ён паспрабаваў уцячы, але быў затрыманы. Пазьней ён растлумачыў, што забыўся нешта дома.

Уначы з 5 на 6 ліпеня памежнікам Віцебскай вобласьці ўдалося спыніць кантрабанду цыгарэт. З дапамогай звышлёгкай авіяцыі зламысьнікі спрабавалі перакінуць у Латвію 150 тысяч цыгарэт. Гэтае здарэньне разьмясьцілася на трэцяй пазыцыі.

На другім месцы — грамадзянін Эстоніі, які вырашыў уцячы ў Беларусь, пачуўшы ад польскіх памежнікаў, што знаходзіцца ў вышуку. Інцыдэнт здарыўся 13 сьнежня на прапускным пункце «Бераставіца».

Узначаліў рэйтынг выпадак, які здарыўся ў пункце пропуску «Весялоўка» 9 лістапада. Грамадзянка Ўкраіны вярталася дадому ў багажніку аўто свайго зяця. Пазьней памежнікі высьветлілі, што тэрмін дзеяньня пашпарта жанчыны скончыўся ў 2015 годзе, піша УНІАН. Таму сям’я вырашыла вывезьці цешчу зь Беларусі пад кіпай адзеньня ў багажніку.

Бонусным відэа ў падборку інцыдэнтаў на мяжы ўвайшоў выпадак зь беларускім ласём, які пераскочыў плот, каб трапіць у Літву. Двухмэтровая агароджа ня стала перашкодай на шляху да вадапою.

Error rendering VK.

XS
SM
MD
LG