Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэшткі Магдалены Радзівіл перазахаваюць 17 лютага


Марыя Магдалена Радзівіл
Марыя Магдалена Радзівіл

17 лютага ў менскім касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы (Сьвятога Роха) адбудзецца перазахаваньне парэштак Магдалены Радзівіл. Цырымонію ўзначаліць дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі.

Пра гэта паведамляе афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Марыя Магдалена Радзівіл у свой час аказвала фінансавую падтрымку выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», газэце «Беларус», шпіталям, сельскім крамам. У 1917 годзе ахвяравала дыямантавае калье на заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме — грошы перадалі айцам марыянам у Друі.

Дзякуючы яе намаганьням запрацавалі беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Таксама мэцэнатка плаціла стыпэндыі студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала тамтэйшую беларускую бібліятэку.

«Яна лічыла сябе беларускай, марыла жыць у Менску. Таму будзе вельмі сымбалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут», — адзначаў Мацей Радзівіл, як толькі зьявіліся першыя чуткі пра магчымае перапахаваньне ў Беларусі.

Як расказаў Catholic.by пробашч парафіі Юры Санько, урну з парэшткамі Магдалены Радзівіл выставяць для развітаньня ў касьцёле напярэдадні, увечары 16 лютага.

Паводле сьвятара, парэшткі будуць перазахаваныя ў левай частцы сьвятыні, дзе паўстане памятная шыльда і барэльеф у гонар славутай мецэнаткі.

Мяркуецца, што на ўрачыстасьць прыедуць Мацей і Міхал Радзівілы, а таксама праўнучка Магдалены Радзівіл — Марылена Замойская.

Як пісала Свабода, некалькі гадоў таму сваякі Магдалены зьвярнуліся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, каб прывезьці яе прах са Швайцарыі і перазахаваць у Беларусі.

У 2016-м была створана працоўная група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму, Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. І хоць меркавалася, што месцам апошняга спачыну стане Чырвоны касьцёл, чыноўнікі вырашылі перавезьці парэшткі ў сямейны склеп Радзівілаў у Нясьвіжы.

Нашчадкі з выбраным месцам не пагадзіліся — Магдалена ніколі не была ў Нясьвіжы. Сама яна паходзіць з роду Завішаў, Радзівілам быў ейны муж. Да таго ж воля самой Магдалены — быць пахаванай у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG