Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пакажуць спэктакль «11 красавіка», заснаваны на гісторыях пацярпелых ад тэракту ў мэтро


Прэм’ерныя паказы спэктакля «11 красавіка», які заснаваны на гісторыях людзей, што пацярпелі ў выніку тэракту ў менскім мэтро вясной 2011 года, пройдуць 3 і 4 лютага ў сталічнай арт-прасторы «Верх» (вуліца Куйбышава, 22).

Спэктакль паставіла «Лябараторыя сацыяльнага тэатра», якую два гады таму стварылі рэжысэр Валянціна Мароз і драматург Кастусь Сьцешык. Разам са студэнтамі і выпускнікамі канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатар» нефармальнага Эўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі яны ставяць дакумэнтальныя спэктаклі.

Летась на краўдфандынговой пляцоўцы Ulej.by была запушчана кампанія па зборы сродкаў на пастаноўку «11 красавіка». Праект падтрымалі 136 чалавек, якія ахвяравалі 2.880 рублёў.

Частка спэктакля — відэаінтэрвʼю мінакоў на вуліцах Менску, у якіх пыталіся, «што яны думаюць пра тое, што здарылася, ці лічаць яны патрэбным успамінаць трагедыю і, калі так, як пра яе гаварыць». Гэтыя ж пытаньні аўтары пастаноўкі зададуць гледачам.

Рэжысэр спэктакля Валянціна Мароз распавяла БелаПАНу, што квіткі на прэмʼерныя паказы атрымалі 200 гледачоў — пераважна тыя, хто ўдзельнічаў у фінансаваньні пастаноўкі.

Тэракт на станцыі «Кастрычніцкая» Менскага мэтро адбыўся 11 красавіка 2011 года. У выніку выбуху загінулі 15 чалавек, 315 — пацярпелі, зь іх цяжкія цялесныя пашкоджаньні атрымалі 32 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG