Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забясьпечанасьць месцамі ў шпіталях Менска ніжэйшая, чым у цэлым па Беларусі


У сталіцы забясьпечанасьць бальнічнымі месцамі складае 7,29 на 1 тысячу жыхароў, а ў сярэднім па Беларусі – 9,42 на 1 тысячу насельніцтва. Такія лічбы прывяла начальнік аддзела спэцыялізаванай мэдычнай дапамогі камітэта па ахове здароўя Менгарвыканкама Натальля Карловіч на паседжаньні гадавой калегіі ведамства.

Натальля Карловіч адзначыла, што менскі паказчык меншы, чым у сярэднім па Расеі (8,5), Маскве (8,2), Чэхіі (8,4), Нямеччыне (8,2). Пры гэтым, паведаміла яна, у большасьці краін Заходняй Эўропы на тысячу насельніцтва прыпадае ў сярэднім 5 месцаў у бальніцы.

Карловіч адзначыла, што ў шэрагу краін ложкі для рэабілітацыі, паліятыўнай дапамогі знаходзяцца не ў сыстэме аховы здароўя, а ў сыстэме сацыяльнай абароны, паколькі асноўная функцыя такіх устаноў не лячэньне, а догляд.

Лячэньне ў стацыянары зьяўляецца больш затратным у параўнаньні з амбуляторным, «таму ва ўсім сьвеце імкнуцца да пошуку абгрунтаваных шляхоў аптымізацыі ложкавага фонду». Сярэдні кошт дня, праведзенага ў бальніцы Мінска, складае 103,9 рубля. Гэта істотна даражэй, чым наведваньне лекара і выклік хуткай дапамогі – 15,3 і 68,7 рубля адпаведна. Паводле дадзеных Менскай станцыі хуткай мэддапамогі, большая частка выдаткаў на выезд – гэта кошт паліва. Каля 40% пацыентаў шпіталізуюцца ў бальніцы плянава.

Асноўная частка пацыентаў, якія шпіталізуюцца ў тэрапэўтычныя аддзяленьні ў Менску – пацыенты з абвастрэньнем хранічных захворваньняў. Стацыянарная мэддапамога ў Менску аказваецца ў 27 установах аховы здароўя, у сталіцы 11.721 бальнічнае месца. У бальніцах Менска 47,6% месцаў у тэрапэўтычных аддзяленьнях, 32,2% – у хірургічных, 15,8% – акушэрска-гінэкалягічных і 4,5% – рэанімацыйных. За 2017 год у шпіталях лячыліся 430.690. Сярэдняя працягласьць знаходжаньня пацыента ў шпіталі -- 8,7 дня, паведамляе БелаПАН.

XS
SM
MD
LG