Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса, якому пагражала экстрадыцыя з Украіны, вызвалілі з-пад варты


Грамадзяніна Беларусі Вячаслава Кушнера, затрыманага летась у лістападзе ў Чарнігаве паводле запыту Генэральнай пракуратуры Беларусі, вызвалілі з-пад варты пад хатні арышт.

Цяпер беларус знаходзіцца на стацыянарным лячэньні ў адной з бальніц Бярдзічава Жытомірскай вобласьці, а ягоны адвакат спрабуе абскардзіць пастанову Генэральнай пракуратуры Ўкраіны аб экстрадыцыі ў Беларусь.

Вячаслаў Кушнер мусіў знаходзіцца пад вартай ня больш, як да 27 сьнежня 2018 года, то бок увесь той час, пакуль Беларусь і Ўкраіна павінны былі ўзгадзіць усе дэталі ягонай выдачы. Згодна з новым рашэньнем суду, хатні арышт абраны ў межах экстрадыцыйных абмежаваньняў да 23 сакавіка. За гэты час беларус можа атрымаць ва Ўкраіне статус уцекача (з адпаведнай заявай ён ужо зьвярнуўся да міграцыйных органаў краіны), і тады працэс яго выдачы Беларусі будзе спынены аўтаматычна.

Калегія судзьдзяў патлумачыла сваё рашэньне наяўнасьцю трывалых сацыяльных сувязяў (ён ва Ўкраіне ажаніўся і мае малую дачку), а таксама добрымі характарыстыкамі па ягоным месцы працы. Да затрыманьня ў Чарнігаве ён працаваў намесьнікам дырэктара па продажах і маркетынгу ўкраінскага таварыства з абмежаванай адказнасьцю «ІНКО-ФУД БЕРДИЧІВ».

У той ж час, адзін з судзьдзяў выказаў асобную думку пра немагчымасьць прымяненьня для Вячаслава Кушнера хатняга арышту, бо згодна з нацыянальным заканадаўствам пры прыняцьці рашэньня аб экстрадыцыі падазраваны мусіць знаходзіцца выключна пад вартаю.

У Беларусі Вячаслаў Кушнер абвінавачваецца ў перадачы хабараў. У верасьні 2017 году ў дачыненьні да яго беларуская пракуратура санкцыянавала арышт Кушнера.

Кушнер абвінавачаньні беларускага боку назваў «сфабрыкаванымі». Ён лічыць, што гэта ціск на яго і беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» і вядомага блогера Аляксандра Кныровіча (затрыманы ў Беларусі летась у студзені паводле абвінавачаньняў у нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры — РС)​.

Вячаслаў Кушнер быў затрыманы ўкраінскімі памежнікамі 24 лістапада 2017 года ў міжнародным пункце пропуску «Новыя Ярылавічы» пры выезьдзе з Украіны на тэрыторыю Беларусі. У студзені Ўкраіна пагадзілася на ягоную экстрадыцыю ў Беларусь.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG