Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любы антыўніяцкі выпад у Беларусі — гэта правакацыя супраць нацыянальна арыентаваных людзей. Супраць аднаго зь негалосных сымбаляў беларускай гістарычнай адметнасьці. Пры тым, што саміх уніятаў (грэка-католікаў) сёньня ў Беларусі няшмат. Парадокс? Пра ўсё па парадку.

Менскі клюб «Козачий Спас» у канцы студзеня 2018 году пад Баранавічамі ўсталяваў два крыжы. На адным зь іх прымацаваная шыльдачка з надпісамі «Отторгнутые насилием (1596)» «Воссоеденены с любовью (1839)».

На сайце клюбу разьмешчаная інфармацыя пра падзею, дзе тлумачыцца, што «менавіта з такім надпісам быў выпушчаны мэдаль на памяць пра вяртаньне ўніятаў у лона Расейскай праваслаўнай царквы». Мэдаль можна паглядзець па спасылцы. З адваротнага боку мэдаля надпіс «Торжество православия».

На шыльдзе на крыжы таксама выяўленая цытата з прамовы ўніяцкага эпіскупа Ёсіфа Сямашкі, які паставіў подпіс пад просьбай узяць грэка-католікаў у расейскую праваслаўную царкву.

1. У чым сутнасьць уніяцтва? Самае галоўнае: пры захаваньні праваслаўнага абраду ачольнікам царквы робіцца Папа Рымскі, а сымбаль веры зьмяняецца з таго, што Сьвяты Дух сыходзіць ня толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына.

Пра ўніяцтва ў Беларусі гаворыцца мімаходзь у школьных падручніках і заўжды нэгатыўна. Маўляў, у 1596 годзе сялян гвалтам забралі ад юрысдыкцыі Масквы і перавялі пад юрысдыкцыю Рыму. А ў 1839-м усе разам дабраахвотна вярнуліся да РПЦ. Усё тлумачыцца палітычнымі гульнямі эліт, якія ня ўлічвалі меркаваньне простага народу.

І зусім мала гаворыцца пра тое, што карныя апэрацыі супраць беларускіх сялян-уніятаў расейскія войскі ладзілі да 50-х гадоў ХІХ ст. Бо «перахрышчвацца» многія не хацелі.

2. Чаму правакацыя? Для многіх абазнаных у гісторыі нацыянальна арыентаваных беларусаў уніяцтва ёсьць нацыянальнай гістарычнай адметнасьцю. Сымбалем рэлігійнай незалежнасьці ад Расеі. А таксама сымбалем аб'яднанасьці беларусаў.

Хоць цяпер уніятаў у Беларусі мала, у свой час яны складалі большую частку беларусаў. А разам з рыма-католікамі абсалютную большасьць.

То бок, абраза ўніяцтва ёсьць абразай большасьці продкаў сучасных беларусаў часоў канца XVI — першай паловы XIX стагодзьдзяў.

3. Немаскоўскасьць праваслаўя ў ВКЛ. Да царкоўнай уніі 1596 году беларускія праваслаўныя не належалі да Маскоўскага патрыярхату. То бок, якія-кольвек прэтэнзіі на «ўзьяднаньне» у 1839 ня маюць пад сабою глебы.

Усё разам у 2018 годзе глядзіцца так, як і стагодзьдзі таму: самасьць супраць маскоўскасьці.

Усё, што я вышэй пералічыў, мае калясальную колькасьць фактуры ды інтэрпрэтацый. Усё можна прагугліць і знайсьці ў бібліятэках. Але ў адным я ўпэўнены — крыжы альбо надпісы на крыжах доўга не праіснуюць.

Правакацыя атрымалася падвойная. Перш-наперш усталяваньне не санкцыяванае ўладамі. Хоць, калі там прыватная тэрыторыя, могуць быць варыянты. У кожным разе, Баранавіцкі выканкам ці Берасьцейскі аблвыканкам будуць вымушаныя даваць ацэнку. Прыбяруць — «антырасейскае цкаваньне», пакінуць — «падыгрываюць антыбеларускім сілам».

Чаму антыбеларускім — глядзі вышэй: уніяцтва для абазнаных беларусацэнтрычных людзей ёсьць нацыянальным скарбам і нацыянальнай адметнасьцю.

Хоць так, хоць гэтак — нагода закрычаць «рускіх людзей абіжаюць!». У кожным разе — удар па ўладах. Альбо што самі прыцясьняюць «рускі мір», альбо што дазваляюць «беларуса-бандэраўцам».

На думку вайсковага і палітычнага аналітыка Андрэя Паротнікава, мы бачым «першыя прыкметы раскачаць сытуацыю».

У такім разе мой прагноз — не атрымаецца расхістаць сытуацыю ў Беларусі праз рэлігію. Такую стаўку можа зрабіць толькі чалавек, які і праўда думае, што беларусы — гэта «рускія са знакам якасьці». А мы проста іншыя. Беларусы, напрыклад, арэлігійныя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG