Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лесьніку з Гомельшчыны не дазволілі прызнацца ў каханьні жонцы на Кастрычніцкай плошчы ў Менску


Андрэй Павук

Лесьніку з райцэнтру Акцябрскі (Гомельская вобласьць) Андрэю Павуку суд Маскоўскага раёну Менску адмовіў у скарзе на Менгарвыканкам, які не дазволіў яму правесьці адзіночны пікет на Кастрычніцкай плошчы, каб публічна прызнацца жонцы ў каханьні.

У Менгарвыканкаме, куды лясьнік падаваў заяўку на акцыю 3 сьнежня, яму адказалі, што правядзеньне адзіночнага пікету не адпавядае патрабаваньням Закону аб масавых мерапрыемствах, а таксама рашэньню Менгарвыканкаму «Аб вызначэньні ў Менску месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

«Я прасіў цягам дзесяці хвілін пастаяць на Кастрычніцкай плошчы з плякатам «Ты неверагодная! Оля Павук, я люблю цябе!», — сказаў карэспандэнту Свабоды Андрэй Павук.

Паводле яго, з рашэньня суду вынікае, што Кастрычніцкая плошча забароненая для «публічных прызнаньняў у каханьні». Пазьней ён сфатаграфаваўся з гэтым плякатам на Кастрычніцкай плошчы.

«Дарэчы, раней у Гомельскім аблвыканкаме мне далі дазвол на такую акцыю. Таксама ў Акцябрскім райвыканкаме адказалі, што не разглядаюць акцыю як адзіночны пікет і я маю права выказваць свае пачуцьці ў любой форме. І хоць закон адзін і той жа, вынікае, што ў Менску яго трактуюць іначай».

Андрэй Павук зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду і накіраваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

У верасьні мінулага году беспрацоўны настаўнік Андрэй Павук выйшаў на плошчу ў Акцябрскім з плякатам «Вазьміце Павука на працу!». Суд Акцябрскага раёну прызнаў яго вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства і пакараў штрафам у 230 рублёў. Пазьней Павук уладкаваўся на працу лесьніком.

«Пасьля гэтага нарадзілася ідэя давесьці сытуацыю да абсурду, каб зразумець, чым кіруюцца нашы чыноўнікі, калі прымаюць тое ці іншае рашэньне. І як у нас працуюць законы, дакладней, як яны не працуюць», — сказаў Свабодзе Андрэй Павук.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG