Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд назваў імя сёмага беларускага «сьмяротніка»


Валер Калінковіч першы намесьнік страшыні Вярхоўнага суду

Сёмым «сьмяротнікам», які чакае выкананьня прысуду ў менскім сьледчым ізалятары на Валадарскага, ёсьць 30-гадовы Віктар Лётаў, асуджаны да сьмерці за трэцяе забойства. Пра гэта паведаміў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валер Калінковіч, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды.

Віктар Лётаў адбываў пакараньне ў Глыбоцкай турме, дзе і забіў сукамэрніка. Прысуд Віцебскага абласнога суду, які ў кастрычніку 2017-га зацьвердзіў Вярхоўны суд, Лётаў не абскарджваў.

Раней у Вярхоўным судзе адмаўляліся камэнтаваць неафіцыйныя зьвесткі адносна сёмага беларускага «сьмяротніка», пра якога раней паведаміў сайт праваабарончага цэнтру «Вясна» са спысылкай на віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава.

«Інфармацыя пра судовае паседжаньне не хавалася, і мы не зьбіраемся рабіць рэкляму судовым рашэньням», — адказаў Валер Калінковіч на прапанову даваць асобныя зьвесткі пра сьмяротныя прысуды.

Паводле Калінковіча, летась у Беларусі было вынесена 5 сьмяротных прысудаў, яшчэ 2 ужо ў 2018 годзе.

Праваабаронцам раней было вядома пра 4 вынесеныя сьмяротныя прысуды ў 2017 годзе. На сьмерць былі асуджаныя Аляксей Міхаленя, Кірыл Казачок, Ігар Гершанкоў, Сямён Беражны. Сёлета Менскі гарадзскі суд вынес два смяротныя прысуды — Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарку — за забойства маладой пары ў Мінску і мужчыны ў Калодзішчах.

Беларусь — адзіная краіна У Эўропе, дзе ўжываюць і выконваюць пакараньне сьмерцю. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у краіне за гады незалежнасьці было вынесена каля 400 сьмяротных прысудаў, толькі аднойчы прысуд быў скасаваны. У 2016 годзе былі вынесеныя 3 сьмяротныя прысуды, у 2015-м стала вядома пра выкананьне двух сьмяротных прысудаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG