Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранкі пратэстуюць супраць хіджабаў — упершыню за 40 гадоў


У Іране разьвіваецца рух адзіночных пратэстаў супраць хіджабаў.

У панядзелак 29 студзеня адразу некалькі жанчын зь непакрытымі галовамі узьлезьлі на трансфарматарныя будкі на вуліцах Тэгерану, размахваючы наматанымі на палку хусткамі накшталт сьцяга. Гэта першае масавае выступленьне супраць абавязковага нашэньня хусткі з часоў рэвалюцыі 1979 году.

Першая такая акцыя адбылася яшчэ ў сьнежні — актывісткай, якая адважылася на такі крок, стала 31-гадовая Віда Мувахед, маці паўтарагадовай дзяўчынкі.

27 сьнежня жанчына ўзьлезла з распушчанымі валасамі на будку на праспэкце Энгелаб у Тэгеране, размахваючы хусткай нібы сьцягам. Яе фатаграфіі і відэа шырока разышліся ў сацыяльных сетках.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, жанчына была затрыманая паліцыяй, вызваленая, а затым арыштаваная паўторна. Хэштэг з пытаньнем «Дзе яна?» на пэрсыдзкай мове быў выкарыстаны ў «Твітэры» больш за 28 тысяч разоў. Як распавяла вядомая ў Іране праваабаронца і адвакат Насрын Сатаўдэх, маладую жанчыну вызвалілі толькі ў нядзелю 28 студзеня.

Адразу пасьля гэтага, у панядзелак 29 студзеня акцыю Віды Мувахед паўтарылі, як мінімум, яшчэ тры жанчыны. Іх фатаграфіі з хэштэгам, які можна перклсьці як «дзяўчаты з вуліцы Энгелаб», сталі адным з трэндаў у «Твітэры».

Як паведамляе Насрын Сатаўдэх, жанчына, што ўстала на тую самую будку, што і Мувахед, таксама была затрыманая паліцыяй. Неўзабаве пасьля гэтага на знак падтрымкі руху жыхары гораду пачалі пакідаць на будцы кветкі.

Абавязковае нашэньне хусткі ў публічных месцах прадпісваецца законамі Ірану — парушальніцам пагражае арышт.

Разам з тым жыхаркі краіны пасьлядоўна адстойваюць сваю свабоду зьяўляцца зь непакрытай галавой, напрыклад, за рулём аўтамабіля, аргумэнтуючы гэта тым, што салён машыны зьяўляецца прыватнай прасторай.

У 2014 годзе ураджэнка Ірану журналістка і актывістка Масіх Алінэжад (цяпер яна жыве на Захадзе) стварыла старонку ў «Фэйсбуку» «Мая прыхаваная свабода», дзе жыхаркі Ірану і іншых краін маглі посьціць свае здымкі зь непакрытай галавой. Цяпер у старонкі больш за мільён падпісчыкаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG