Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасадзяць вязьня Аўшвіца ў турму за выраз «польскі лягер сьмерці»


Сэйм Польшчы прыняў папраўкі, якія дазволяць прысуджаць штраф або на тры гады турмы за фармулёўку «польскія лягеры сьмерці». Закон таксама дазваляе пачынаць крымінальныя справы за адмаўленьне злачынстваў ўкраінскіх нацыяналістаў.

Новы польскі закон, які выклікаў рэзананс у сьвеце, абмяркоўваюць журналісты Радыё Свабода Аляксей Знаткевіч і Дзьмітры Гурневіч.

Закон выклікаў скандал паміж Польшчай і Ізраілем. Амбасадар Ізраілю ў Варшаве Анна Азары паведаміла польскаму агенцтву ПАП, што, на думку Ізраіля, гэты артыкул можа прывесьці да таго, што выжылыя ахвяры Галакосту могуць трапіць пад судовы перасьлед за іх паказаньні ў тым выпадку, калі гэта тычыцца ўдзелу палякаў у ваенных злачынствах.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда паабяцаў перагледзець гэты закон.

Аляксей Знаткевіч
Аляксей Знаткевіч

Пра «польскія лягеры»

— Закон ідэалягічна няправільны і практычна шкодны. Калі трактаваць яго літаральна, дык былога вязьня канцлягера могуць пасадзіць на тры гады за фармулёўку «польскі лягер сьмерці». Пакараць могуць і журналіста, які ненаўмысна выкарыстаў такі зварот у сваім артыкуле.

Пра адказнасьць польскага народу

— Чалавек можа цалкам справядліва пералічыць даказаныя факты злачынстваў і дадаць, што гэта польскі народ ускосна нясе за іх адказнасьць. Яго за такія словы, як вынікае з закону, могуць пасадзіць. Нельга заканадаўча забараняць гістарычныя дыскусіі і абмяжоўваць іх толькі працай навукоўцаў. Важна яшчэ, хто будзе вызначаць праўдзівасьць фактаў, і як з фактаў рабіць высновы.

Пра адмаўленьне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў

— Гаворка ў законе ня толькі пра сапраўды жахлівыя рэчы, якія адбываліся падчас ІІ сусьветнай вайны. Гаворка пра падзеі, пачынаючы ад 1925 году, забойствы прадстаўнікоў польскай адміністрацыі. Так, гэта былі палітычныя забойствы. Але гэта было змаганьне за незалежнасьць Украіны. У Ірляндыі на пачатку 20 стагодзьдзя забівалі прадстаўзнікоў брытанскай адміністрацыі. Гэта было змаганьне за незалежнасьць. У Ірляндыі іх ня лічаць злачынцамі.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Пра «польскія лягеры»

— Аўшвіц — гэта нямецкі лягер. Надпіс Arbeit macht frei над брамай лягеру — ня польскі выраз. Лягеры заснавалі немцы. Існаваньне такога закону — чарговая спроба польскай дзяржавы змагацца з хлусьлівым выразам, які фальсыфікуе гісторыю.

Пра адказнасьць польскага народу

— Закон накіраваны на барацьбу з фэйкамі. Дыскусія з выкарыстаньнем даказаных фактаў злачынстваў палякаў супраць габрэяў, як вынікае з фармулёўкі закону, ня будзе карацца. Такія факты даказаныя, польская дзяржава ў асобе некалькіх прэзыдэнтаў публічна выбачалася за гэтыя злачынствы. Польская дзяржава не аспрэчвае, што яе грамадзяне ўдзельнічалі ў злачынствах супраць габрэяў.

Пра адмаўленьне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў

— Ва Ўкраіне людзі, якія змагаліся за незалежнасьць, маюць права называцца героямі. А ў Польшчы — злачынцамі. Валынскую разьню, за якую адказныя АУН-УПА, палякі лічаць генацыдам. Але ва Ўкраіне яны героі. Тым ня менш, забойства дзяцей, мірных людзей бяз зброі — гэта злачынства.

  • 16x9 Image

    Аляксей Знаткевіч

    Нарадзіўся ў вёсцы Дашкаўка Магілёўскага раёну. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Ўнівэрсытэт Паўночнай Караліны ў Чэпэл-Гіле (ЗША). Быў рэпарцёрам і рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», а таксама карэспандэнтам у Беларусі Інтэрнэт-часопісу «Transitions Online». Літаратурныя тэксты і пераклады з ангельскай і чэскай моваў друкаваліся ў часопісе Arche.

  • 16x9 Image

    Дзьмітры Гурневіч

    Журналіст Свабоды, публіцыст, блогер, краязнаўца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG