Ніхто ў Польшчы ня думае аб выхадзе з Эўрапейскага зьвязу. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар краіны Матэвуш Маравецкі ў інтэрвію выданьню «Dziennik Gazeta Prawna».
«Ніхто сурʼёзна ня кажа аб такім сцэнары і ня думае пра гэта. Polexit гэтак жа магчымы, як Germanexit. Польшча ёсьць і застанецца часткай ЭЗ», — сказаў ён.
Раней старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск папярэдзіў, што ўрад Польшчы можа паспрабаваць вывесьці краіну з Эўразьвязу, калі перастане атрымліваць інвэстыцыі ад ЭЗ.
Туск адзначыў, што для кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» галоўным прывілеем Эўразьвязу зьяўляецца атрыманьне фінансаваньня. Да такіх аспэктаў як агульны рынак і бясьпека партыя ставіцца з пагардай, сказаў Туск. Старшыня Эўрапейскай Рады таксама падкрэсьліў, што Брусэль спадзяецца бачыць Польшчу ў складзе Эўразьвязу.