Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар адукацыі пра адмену іспытаў у гімназіі: Павінна быць роўная даступнасьць агульнай сярэдняй адукацыі


Міністар адукацыі Ігар Карпенка.

Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка ў інтэрвію праграме «Навіны 24 гадзіны» тэлеканалу СТВ 27 студзеня заявіў, што сыстэма агульнай сярэдняй адукацыі павінна быць роўна даступнай любому школьніку незалежна ад месца пражываньня, навучаньня і магчымасьцяў бацькоў. Так ён пракамэнтаваў адмену іспытаў пры паступленьні ў пятую клясу гімназіі.

«Сёньня гэта прынята для таго, каб забясьпечыць роўна даступнасьць да якаснай агульнай сярэдняй адукацыі. Кажуць, у гімназіях больш моцныя настаўнікі. Але, несумненна, ёсьць розныя гімназіі. Дзесьці, можа быць, мацней, дзесьці больш слабыя настаўнікі. Ёсьць і школы, дзе дастаткова добрыя пэдагагічныя калектывы, якія сёньня ўжо паказваюць сур’ёзныя вынікі. І сьведчаньнем таму перамогі на алімпіядах, уключаючы міжнародныя алімпіяды, школьнікаў са звычайных школ», — сказаў Ігар Карпенка.

25 студзеня прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 30 «Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучаньні ў іх». Указам устанаўліваецца, што набор у пятыя клясы гімназій будзе ажыцьцяўляцца без правядзеньня ўступных выпрабаваньняў. Усе навучэнцы, якія завершаць навучаньне ў 4 клясе гімназіі, змогуць працягнуць навучаньне ў 5 клясе гэтай жа гімназіі.

«Адмена іспытаў дазволіць зьняць неапраўданую псыхалягічную і эмацыйную нагрузку на навучэнцаў пачатковых клясаў, што ў цэлым будзе спрыяць захаваньню іх здароўя», — гаварылася ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта.

Раней Ігар Карпенка адзначаў, што іспыт пры паступленьні ў пятую клясу гімназіі не патрэбны. «Гэта не дае ўсьвядомленага выбару дзіцяці на нейкую арыентацыю ў адукацыйным шляху. Яму трэба хоць бы дайсьці да дзевятай клясы. Ён проста малы», — растлумачыў міністар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG