Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага актывіста, які расказаў пра гвалт у СІЗА, аштрафавалі на 2000 рублёў


Пётар Іваноў (зьлева) і праваабаронца Павал Левінаў

26 студзеня Кастрычніцкі раённы суд Віцебску прысудзіў стваральніку незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня «За сумленную ўладу» Пятру Іванову штраф памерам 85 базавых велічынь (2082,5 ​рубля) за тое, што ён нібыта гвалтам выгнаў судовую выканаўцу са свайго дому.

Іваноў знаходзіўся ў Віцебскім СІЗА з 11 кастрычніка 2017 году. Падчас судовага працэсу актывіст распавёў пра неаднаразовыя факты зьбіваньня ды іншых гвалтоўных дзеяньняў з боку супрацоўнікаў СІЗА.

Актывіст не прызнаў сябе вінаватым

Пётар Іваноў — расейскі грамадзянін, але ўжо шмат гадоў жыве ў Віцебску. Яго ня раз вінавацілі ў адміністрацыйных парушэньнях — затрымлівалі за распаўсюд улётак, «лаянку матам» і паклёпніцтва на супрацоўнікаў міліцыі. Абласная пракуратура выносіла яму афіцыйнае папярэджаньне «за звароты, якія зьмяшчаюць абразьлівыя словы і выразы ў адрас адказных асобаў дзяржаўных органаў», некалькі разоў яму пагражалі дэпартацыяй.

Апошняя крымінальная справа паводле 1 часткі арт. 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) была распачатая супраць яго з ініцыятывы судовай выканаўцы Кацярыны Прыгажаевай, якую ён нібыта гвалтам выгнаў са свайго дому.

Гэтага інцыдэнту актывіст не аспрэчваў, але цьвердзіў, што гвалту не было і што падзеі разьвіваліся так.

26 студзеня судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ігар Стэфаноўскі прысудзіў Іванову штраф памерам 85 базавых велічынь (2082,5 рубля) — амаль у чатыры разы меней, чым першапачаткова патрабавала абвінавачваньне.

Падчас суду
Падчас суду

«Супрацоўнікі ізалятару мяне зьбівалі, прыгаворваючы: «Будзеш поўзаць на каленях і казаць „Я люблю СІЗА-2“»

Прысуд Пётар Іваноў слухаў седзячы, як і даваў паказаньні падчас разгляду. Бо яшчэ ў першы дзень працэсу, 15 студзеня заявіў, што ў СІЗА № 2 яго тройчы зьбівалі і яму баляць ногі. Таксама ён заявіў, што супрацоўнікі СІЗА ігнаруюць ягоныя патрабаваньні наконт прызначэньня мэдэкспертызы, і што яшчэ 9 студзеня ён накіраваў заяву аб катаваньнях у пракуратуру, але ня ўпэўнены, што яна выйшла за сьцены спэцустановы.

Апроч фізычнага, сьцьвярджае Іваноў, над ім сыстэматычна чынілі псыхалягічны гвалт. Супрацоўнікі сьледчага ізалятару нібыта пагражалі яму згвалтаваньнем, дэманструючы міліцэйскі дручок, і казалі, што прымусяць «поўзаць на каленях і гаварыць: «Я люблю СІЗА-2».

Спадар Іваноў заявіў падчас працэсу, што зьбівалі яго да такой ступені, што ён ня мог знаёміцца з матэрыяламі справы. Суд даў яму дадатковы час для гэтага, а таксама выклікаў мэдыкаў-экспэртаў. Але на той момант цялесныя пашкоджаньні сталі менш відавочнымі, і адмыслоўцы паведамілі, што ня могуць зрабіць ніякіх канкрэтных высноваў.

Абскарджваць прысуд бессэнсоўна, а факты гвалту ў СІЗА — неабходна

Пасьля абвяшчэньня выраку Пятра Іванова вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Паводле яго, абскарджваць прысуд бессэнсоўна.

«Ціск на мяне мае палітычныя прычыны, бо я катэгарычна і адкрыта выказваюся пра цяперашняе кіраўніцтва краіны. Сытуацыя з судовай выканаўцай — гэта тыповая правакацыя: яна прыйшла ў цывільным адзеньні, не назвалася, а калі я пачаў пратэставаць супраць вопісу маёмасьці, нават выкарыстоўвала нецэнзурныя выразы, што зафіксавана ў запісе яе тэлефанаваньня ў міліцыю», — гаворыць актывіст.

Што да фактаў гвалту ў СІЗА, то гэта спадар Іваноў не зьбіраецца пакідаць беспакараным. Праваабаронца Павал Левінаў ужо накіраваў тэрміновае паведамленьне спэцдакладчыку ААН у пытаньнях катаваньняў у сувязі з заявамі, якія зрабіў падчас судовых паседжаньняў актывіст Пётар Іваноў.

«На жаль, зьбіваньне падсьледных у віцебскім СІЗА ўжо не навіна для праваабаронцаў», — кажа Левінаў. Праваабаронца лічыць неабходным давесьці справу з заявамі Пятра Іванова пра катаваньні ў віцебскім СІЗА да лягічнага завяршэньня — каб вінаватых пакаралі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG