Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: праз карупцыю ў сыстэме ЖКГ пацярпелі простыя людзі


Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы па карупцыі ў сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Кіраўніка камэрцыйнай арганізацыі абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і даваньні хабараў службовым асобам прадпрыемстваў сыстэмы ЖКГ.

40-гадовы жыхар Менскага раёну, які дзейнічаў ад імя падкантрольных яму арганізацый, цягам 2009-2015 гадоў уцягнуў сваю злачынную дзейнасьць сем кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў сыстэмы ЖКГ на тэрыторыі Віцебскай, Менскай і Магілёўскай абласьцей. Яны заключылі з камэрцыйнымі арганізацыямі, падкантрольнымі абвінавачанаму, дамовы на пастаўку тавараў (у большасьці выпадкаў — помпавага абсталяваньня) па відавочна завышаных цэнах. За заключэньне дамоваў некаторым службовым асобам давалі хабар — працэнт ад агульнай сумы ўгоды.

У выніку прадпрыемствам ЖКГ нанесена шкода на агульную суму больш за 677 тысяч рублёў. Неабгрунтаваныя страты, якія панесьлі дзяржаўныя прадпрыемствы, пацягнулі за сабой падвышэньне кошту камунальных паслугаў для грамадзян, адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы Сьледчага камітэту.

Акрамя таго, на працягу 2009-2011 гадоў 40-гадовы мужчына ад імя камэрцыйнага прадпрыемства арганізаваў выраб і распаўсюд рэклямных буклетаў, якія ўтрымлівалі ілжывыя зьвесткі.

Па выніках расьсьледаваньня яго абвінавацілі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў ( ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 426 Крымінальнагаа кодэксу), даваньні хабару (ч. 1 і 2 арт. 431 КК) і распаўсюдзе ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі (ч. 1 арт. 250 КК). Іншым фігурантам, службовым асобам прадпрыемстваў сыстэмы ЖКГ прад’яўлена абвінавачваньне паводле ч. 3 арт. 426 (перавышэньне службовых паўнамоцтваў), 6 кіраўнікоў абвінавацілі таксама ў атрыманьні хабару (арт. 430), аднаго — у службовым падлогу (ч. 1 арт. 427).

Арганізатара карупцыйнай схемы і чатырох дырэктараў прадпрыемстваў ЖКГ узялі пад варту.

У ходзе сьледзтва абвінавачаныя пакрылі страты, прычыненыя супрацьпраўнымі дзеяньнямі, на суму 64,6 тысяч рублёў, на іх маёмасьць накладзены арышт на суму звыш 569 тысяч рублёў.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG