Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд забараніў тэставаць на сэксуальную арыентацыю ўцекачоў


Прэтэндэнты на прыстанішча ў краінах Эўразьвязу (ЭЗ) не павінны падвяргацца псыхалягічнаму тэставаньню з мэтай вызначыць іхную сэксуальную арыентацыю, пастанавіў Эўрапейскі суд.

Міграцыйныя ўлады некаторых краінаў ЭЗ у асобных выпадках ужывалі такое тэставаньне, каб прыняць рашэньне аб просьбах прыстанішча.

Скарга, наконт якой прыняў рашэньне найвышэйшы суд ЭЗ, паступіла ад мужчыны зь Нігерыі, які папрасіў прыстанішча ў краіне ЭЗ, сьцьвярджаючы, што на радзіме яго перасьледуюць за гомасэксуальнасьць.

Мужчыну адмовілі пасьля таго, як псыхалягічны тэст не пацьвердзіў яго сэксуальную арыентацыю.

Пастанова Эўрапейскага суду мае сілу ва ўсіх 28 краінах ЭЗ, таму цяпер суд у вэнгерскім горадзе Сэгедзе вымушаны будзе перагледзець справу нігерыйскага мігранта зь яе ўлікам.

Як гаворыцца ў рашэньні Эўрапейскага суду, для вызначэньня арыентацыі ў падобных выпадках «могуць быць карысныя некаторыя формы экспэртызы», аднак суд дадае, што ўжытыя тэсты парушаюць права шукальнікаў прыстанішча на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця. У рашэньні таксама гаворыцца, што ўлады краінаў ЭЗ павінны шукаць спосабы праверыць дакладнасьць сьцьвярджэньняў спаборнікаў.

Эўрапейскі суд у сьнежні 2014 года ўжо выносіў рашэньне ў справе аб даваньні прыстанішча ў Нідэрляндах. Суд тады пастанавіў, што тэставаньне на сэксуальную арыентацыю парушае правы шукальнікаў прыстанішча.

У 2013 годзе Эўрапейскі суд пастанавіў, што прыстанішча ў ЭЗ можа быць дадзена гомасэксуалам, якія на радзіме былі пазбаўлены волі праз сваю арыентацыю.

Паводле агенцтва ЭЗ па асноўных правах, найбольш часта ў Эўропе шукаюць прытулку гомасэксуалы з Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Чачні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG