Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Анемпадыстаў як творца сьвята


Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога

Для мяне Міхал Анемпадыстаў — гэта графіка вершаваных вобразаў, гэта несавецкасьць творчасьці і гэта выключна гарадзкая творчасьць, што для Беларусі пакуль рэдкасьць.

1. Паэт-мастак. Вершы Міхала вельмі графічныя. Іх можна маляваць, іх можна здымаць.

2. Несавецкі. У творчасьці Міхала не было пераемнасьці зь літаратурай і выяўленчым мастацтвам савецкай (ці антысавецкай) Беларусі. Ні добрай, ні кепскай. У Міхала быў паралельны савецкім традыцыям сусьвет.

3. Гарадзкі. Міхал быў на сто працэнтаў гарадзкім чалавекам, ня меў куды езьдзіць на вёску да сваякоў. За фіранкамі «Маёй краіны» Міхала былі бачныя шматпавярховікі, а не лясы ды палеткі. Але ў атачэньні шэрага бэтону Міхал умеў стварыць хараство вобразу ды ідэі. У тым ліку беларускай ідэі.

Названыя тры рысы стварылі фэномэн Міхала Анемпадыстава.

Міхал быў тым рэдкім чалавекам, які практычна з нуля ствараў гарадзкую цывілізацыю ў Беларусі.

А гарадзкая цывілізацыя ў Беларусі была першы раз зьнішчаная падчас Маскоўскай вайны ў другой палове XVII ст. Пасьля «падчысьцілі» шляхецкую цывілізацыю ў ХІХ ст. На момант канца 1944 году Беларусь абнулілася да засяленьня паўпустых гарадоў выжылымі ў пекле страшнай вайны сялянамі. Ня толькі сялянамі і ня толькі зь Беларусі. Бацькі Міхала прыехалі з РСФСР як «спэцыялісты», хоць мусілі асесьці на Данбасе, як мне распавядаў Міхал.

Прозьвішча Анемпадыстаў ня зь першага разу запаміналі. «Экзатычнае слова». Міхал сам часам іранізаваў: «Адна была вэрсія Антыфашыстаў, а другая — Апладысмэнтаў».

Міхал быў выключна менскім хлопцам. Аднойчы ён зрабіў адкрыцьцё — у Беларусі жылі людзі, якія нарадзіліся не пры савецкай уладзе.

Для мяне таксама было шокам, калі я ўпершыню паразмаўляў з такімі людзьмі. І з тымі хто памятаў «за польскім часам», і нават «за царом».

Міхал свой першы верш «Настаўнік Рагойша» для будучага «Народнага Альбому» напісаў у 1983 годзе ў 19-гадовым узросьце, калі служыў «срочнікам» у СА (Савецкай Арміі). Усё пад уражаньнем ад візыту ў Ракаў — усяго за 40 км ад цэнтру Менску.

Прыклад Міхала Анемпадыстава вельмі важны ў якіх-заўгодна спрэчках пра гены, кроў, зямлю і да таго падобныя ўяўленьні пра нацыястварэньне. Насамрэч важныя толькі сьвядомасьць, толькі ідэя, толькі творчасьць.

«Мы чакалі Каляды з маленства/Ды ня можам ніяк дачакацца». Чаканьне сьвята, прадчуваньне сьвята, урэшце стварэньне сьвята для іншых. Гэта пра Міхала.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG