Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камэнтатары пішуць, што мяне трэба пахаваць жыўцом», — трансгендэрная жанчына з Узбэкістану, якая папрасіла прытулку ў Беларусі, шукае працу


«Камэнтатары пішуць, што мяне трэба пахаваць жыўцом»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:59 0:00

«Камэнтатары пішуць, што мяне трэба пахаваць жыўцом»

«Калі параўноўваць з Узбэкістанам, то тут я магу свабодна і адкрыта казаць, хто я. Максымум — мне пасьміхнуцца ў твар ці разьвернуцца і адыдуць ад мяне. Але прынамсі адкрытай агрэсіі да сябе я тут ня бачу», — 26-гадовая К. атрымала дакумэнты, паводле якіх можа легальна знаходзіцца ў Беларусі, пакуль разглядаецца яе хадайніцтва аб прытулку.

З просьбай аб прытулку на падставе перасьледу пэўнай сацыяльнай групы 26-гадовая К. зьвярнулася 4 студзеня 2018 году. Ва Ўпраўленьні грамадзянства і міграцыі Менгарвыканкаму зь ёю правялі гутарку і выдалі патрэбныя дакумэнты. Разгляд хадайніцтва можа працягвацца 6 месяцаў.

Цяпер К. шукае працу. Кажа, што пагодзіцца на любую, якую можа выконваць.

Яна распавядае, што ва Ўзбэкістане яе ня раз затрымлівалі і моцна зьбівалі ў міліцыі, пагражаючы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Крымінальны кодэкс гэтай краіны прадугледжвае за гомасэксуальныя стасункі да трох гадоў турмы.

«Проста заводзяць чалавека ўначы ў аддзяленьне, нідзе не адзначаюць. Калі з табой штосьці здараецца, нічога немагчыма давесьці. А калі ёсьць пратакол, то пішуць, што затрымліваўся для высьвятленьня асобы. Зьбіваюць моцна. Пасьля дзён пяць-шэсьць можаш толькі ляжаць», — раней казала яна Радыё Свабода.

Падчас апошняга затрыманьня на пачатку мінулага году, кажа К., міліцыянт яе згвалціў. Пасьля гэтага яна прыняла рашэньне зьехаць.

К. дзівіцца пытаньню, чаму яна просіць аб прытулку на падставе перасьледу яе як трансгендэрнай жанчыны.

«Бо гэта адзіная прычына, чаму я ўцякала са сваёй краіны», — кажа яна. Але пацьвярджае, што дзівяцца ўсе, калі даведваюцца пра яе гісторыю.

К. прыехала ў Беларусь за дзень да Новага году. У Расеі яна ўжо зьвярталася з такім жа хадайніцтвам аб прытулку, але ёй адмовілі.

«Для іх гэта не паважная падстава», — кажа К., маючы на ўвазе перасьлед прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці.

Яшчэ ў школе пачалі зьбіваць за зьнешні выгляд

Падчас гэтай размовы К. выглядае больш упэўнена і трохі больш распавядае пра сябе.

«Мяне яшчэ ў школе пачалі зьбіваць за мой зьнешні выгляд, — кажа яна. — Доўгія валасы, макіяж, пазногці... Я тады не разумела, што ня трэба сябе паказваць, што магу сабе нашкодзіць».

Яна кажа, што мужчына з доўгімі валасамі ва Ўзбэкістане ўжо выклікае падазрэньне і агрэсію.

Затрыманьні і зьбіцьцё прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці ў пастарунках К. называе звычайнай справай. У інтэрнэце ёсьць відэазапісы, як узбэцкі міліцыянт зьбівае трансгендэрную жанчыну. К. кажа, што гэтаксама зьбівалі яе саму, і яна бачыла, як зьбіваюць іншых. У інтэрнэт, паводле К., трапляюць толькі выпадковыя запісы, зробленыя нападнікамі. Паводле яе, выпадкаў такога зьбіцьця і зьдзекаў вельмі шмат.

Сябры ў Беларусі падтрымліваюць і матэрыяльна

Важную ролю ў тым, чаму К. апынулася ў Беларусі, адыграў яе статус асобы без грамадзянства. Такіх людзей ва Ўзбэкістане сотні тысяч. Каб выехаць у любую іншую краіну, К. мусіць атрымаць дазвол на выезд, якога асобы без грамадзянства чакаюць месяцамі, а то і каля году, — кажа яна. Таму з Расеі, пасьля таго як там ёй адмовілі ў наданьні прытулку, яна змагла трапіць толькі ў Беларусь.

К. распавядае, што ў Беларусі ёй дапамагае праваабаронца і тыя, каму неабыякавая яе гісторыя. Сябры, у тым ліку і тыя, якіх К. ужо займела ў Беларусі, падтрымліваюць яе матэрыяльна. З прадстаўнікамі беларускай ЛГБТК-супольнасьці пра іх досьвед у Беларусі К. не размаўляла. «У мяне такое становішча, мне не да размоваў», — тлумачыць яна.

«У мяне проста няма выбару. Я раблю (прашу прытулку. — РС.) там, дзе гэта магчыма. Я проста хачу выжыць», — кажа яна.

Сытуацыю з ЛГБТК ў Беларусі цяжка назваць спрыяльнай

Сытуацыю з правамі прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці ў Беларусі нельга назваць спрыяльнай. Беларусь дэкрыміналізавала гомасэксуальныя дачыненьні паміж мужчынамі ў 1994 годзе. Такія самыя стасункі паміж жанчынамі ніколі не былі крыміналізаваныя. Хоць стаўленьне да ЛГБТК-супольнасьці ў Беларусі менш кансэрватыўнае (PDF), чым у іншых краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу, гомасэксуальныя стасункі па-ранейшаму застаюцца стыгматызаванымі.

Я хачу быць паўнавартаснай жанчынай. Ня бачу для сябе іншага жыцьця

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на немагчымасьць рэгістрацыі ЛГБТК-аб’яднаньняў і рэгулярны перасьлед з боку праваахоўных органаў. У кастрычніку мінулага году міліцыя масава правярала наведнікаў клюбаў, у якіх праводзіліся гей-вечарынкі.

Беларускае заканадаўства дае грамадзянам права легальна і бясплатна зрабіць гендэрны пераход, у тым ліку карэкцыю полу, паводле рашэньня адмысловай мэдычнай камісіі. Як кажа праваабаронца ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасьць і права» Натальля Манькоўская, за апошні год камісію прайшлі каля 20 чалавек.

К., якой такая магчымасьць ва Ўзбэкістане не была даступная, кажа, што вельмі хоча зрабіць апэрацыю па карэкцыі полу.

«Я хачу быць паўнавартаснай жанчынай, — тлумачыць яна. — Ня бачу для сябе іншага жыцьця».

Праваабаронцы кажуць, што трансгендэрным людзям у Беларусі часта адмаўляюць у працы, звальняюць, яны робяцца аб’ектамі зьдзекаў і фізычных нападаў.

«Я не сутыкаюся з агрэсіяй на вуліцах»

Выдадзеныя ў міграцыйнай службе дакумэнты дазваляюць К. легальна працаваць. Цяпер яна актыўна шукае, як зарабіць на сваё жыцьцё ў Менску, і спадзяецца ўладкавацца.

«Калі меркаваць па коштах, зь якімі я сутыкалася, то трэба мінімум 300–350 рублёў», — мяркуе яна пра месячны заробак. І дадае, што пагадзілася б на любую працу, якую можа рабіць. У яе ёсьць сярэдняя тэхнічная адукацыя па працоўнай спэцыяльнасьці.

«Калі прыходжу, мне кажуць, што ўжо месца занятае, знайшлі чалавека. Але я спадзяюся, што бліжэйшым часам змагу знайсьці. Пытаюцца таксама, чаму я з Узбэкістану тут, але я адказваю, што гэта мая асабістая справа», — кажа К.

У Менску ёй вельмі падабаецца. «Чыста, утульна, — паўтарае яна. — Што да ўзроўню жыцьця, дык тут у шмат разоў лепш, чым ва Ўзбэкістане. А ў пляне цэнаў, то, вядома, калі ёсьць праца і заробак, то можна шмат чаго сабе дазволіць».

Пра беларусаў К. кажа, што гэта «ціхі, спакойны народ».

«Я не сутыкаюся з агрэсіяй на вуліцах. Гэта самае галоўнае».

«Хачу жыць свабодным жыцьцём, ані ад кога не хавацца»

Публікацыю з гісторыяй К. перадрукавалі шмат якія інтэрнэт-выданьні па ўсім сьвеце. У тым ліку ва Ўзбэкістане. Пад артыкуламі зьяўляецца багата камэнтароў. Выглядае, што К. іх уважліва чытае.

«У большасьці — падтрымка, — кажа яна. — А нэгатыву таксама хапае. Нэгатыў выказваюць у асноўным мусульмане».

Часта, кажа К., па камэнтарах відаць, што іх пішуць людзі, якія не ўяўляюць, што такое быць трансгендэрным чалавекам, і нават ня ведаюць, што такое трансгендэрнасьць.

«Яны лічаць гэта грахом, вычварэнствам, пагарджаюць такімі, як я. Калі б яны былі на маім месцы, яны б зразумелі, як гэта цяжка, — кажа К. — Зразумелі б, з чым даводзіцца сутыкацца ў жыцьці».

Ва Ўзбэкістане, на думку К., праваахоўным органам ужо вядома, што яна раней прасіла прытулку ў Расеі. Ёй асабіста пагрозаў адтуль не паступала, але ў камэнтарах узбэцкія карыстальнікі ня стрымліваюцца ў пагрозах і зьнявагах.

«Пішуць, што мяне трэба жыўцом пахаваць, што я ганьба для іх грамадзтва і для іх нацыі», — кажа К.

На пытаньне, ці лічыць яна гэтыя пагрозы рэальнымі, сур’ёзна адказвае: «Так, яны рэальныя».

Разгляд хадайніцтва аб прытулку паводле заканадаўства можа адбывацца на працягу 6 месяцаў. Калі Беларусь адмовіць К., рашэньне можна будзе абскарджваць, але пагроза дэпартацыі ва Ўзбэкістан стане тады вельмі рэалістычнай.

Пра гэта К. гаварыць таксама ня хоча. На пытаньне, што ёй пагражае, калі яе ўсё ж прымусова вернуць ва Ўзбэкістан, адказвае: «Мне шмат чаго пагражае».

К. не наважваецца гаварыць пра будучыню. Але кажа, што калі ёй дадуць прытулак, то выбрала б Беларусь як месца, дзе можна спакойна жыць і працаваць.

«Падстройвацца пад іншых людзей, хаваць сваю ідэнтычнасьць я дакладна не магу, — кажа К. — Я хачу жыць свабодным жыцьцём, ані ад кога не хавацца».

«Я хачу быць сабой», — заключае яна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG