Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прыбыў у Давос і раскрыў тэму сваёй прамовы перад сусьветнымі лідэрамі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў чацьвер прыбыў у Швайцарыю для ўдзелу ў Сусьветным эканамічным форуме, дзе ён мае намер прасоўваць сваю павестку «Найперш Амэрыка» і дамагацца больш справядлівага і ўзаемавыгаднага гандлю паміж ЗША і іх саюзьнікамі.

Кульмінацыяй яго візіт будзе выступ у пятніцу перад удзельнікамі форуму — бізнэсоўцамі і палітычнымі лідэрамі.

У твітце, адпраўленым перад ад’ездам з Вашынгтона, Трамп заявіў, што ён плянуе «распавесьці сьвету, наколькі цудоўная Амэрыка і як добра ў яе ідуць справы».

«Наша эканоміка на ўздыме і, улічваючы ўсё тое, што я раблю, сытуацыя будзе толькі паляпшацца, — дадаў ён. — Наша краіна, нарэшце, зноў перамагае»

На сустрэчах у рамках Сусьветнага эканамічнага форуму прэзыдэнт ЗША будзе казаць пра магчымасьці для бізнэсу ў Злучаных Штатах, паведамілі прадстаўнікі Белага дома.

У Трампа таксама заплянаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрамі Ізраіля і Вялікабрытаніі Біньямінам Нэтаньяху і Тэрэзай Мэй, а таксама іншымі сусьветнымі лідэрамі.

У Давосе Трамп будзе казаць пра магчымасьці інвестыцый у ЗША і абмяркоўваць супрацоўніцтва ў галіне нацыянальнай бясьпекі, барацьбу з «Ісламскай дзяржавай» і ракетна-ядзерную праграму Паўночнай Карэі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG