Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісткі здабылі зручныя месцы для агітацыйных пікетаў праз Цэнтравыбаркам


Алена Шабуня на перадвыбарчым пікеце, архіўнае фота

Актывісткам апазыцыі Алене Шабуні і Ірыне Захаравай, што балятуюцца на выбарах у Віцебскі гарадзкі савет дэпутатаў, удалося аспрэчыць рашэньне адміністрацыі Першамайскага раёну — тая абмежавала колькасьць месцаў для правядзеньня агітацыйных пікетаў.

Дзеля гэтага яны дайшлі да Цэнтральнай выбарчай камісіі.

«Мая акруга — у мікрараёне Білева. Гэта вялізарны „спальны“ раён, на тэрыторыі якога месьціцца некалькі выбарчых акругаў. Але месца для агітацыйных пікетаў Першамайская адміністрацыя вызначыла ўсяго адно — каля школы, дзе ходзяць пераважна дзеці. Такая самая сытуацыя была і ў маёй каляжанкі Ірыны Захаравай. Увогуле на ўвесь Першамайскі раён было вызначана толькі 9 месцаў для агітацыі», — кажа Алена Шабуня.

Адказ з ЦВК задаволіў актывістак — у рашэньне адміністрацыі Першамайскага раёну ўнесеныя зьмены. І праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы можна цяпер у любых прыдатных месцах, за выключэньнем пэўных абмежаваньняў — яны тычацца канкрэтна вызначаных дзяржаўных установаў.

Алена Шабуня бярэ ўдзел у мясцовых выбарах ужо ня першы раз. Зь яе досьведу, найбольш зручныя месцы для агітацыі — пляцоўкі ў цэнтры гораду або непадалёк ад буйных гандлёвых цэнтраў. Свае пікеты яна хоча праводзіць каля вялікіх «Эўраоптаў».

Ірына Захарава, якая ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі ўпершыню, таксама падтрымлівае гэтую ідэю.

Кандыдаткі ў дэпутаты падкрэсьліваюць, што ў Менску адпачатку кандыдатаў не абмяжоўвалі ў выбары агітацыйных пляцовак. А вось Віцебск чамусьці перастрахаваўся: нават Віцебская гарадзкая выбарчая камісія, куды спадарыня Захарава накіравала свой першы зварот, адмовілася вырашаць праблему, створаную раённай адміністрацыяй.

XS
SM
MD
LG