Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы супрацоўнікаў спэцслужбаў ПНР хочуць пазбавіць пасадаў у ВНУ


Грамадзяне, якія працавалі ў спэцслужбах Польскай Народнай Рэспублікі альбо былі іх пазаштатнымі супрацоўнікамі, ня змогуць быць рэктарамі, дэканамі і кіраўнікамі катэдраў у вышэйшых навучальных установах (ВНУ), паведамляе Польскае радыё.

Адпаведны праект закону падрыхтавала Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі. Цяпер праект знаходзіцца на разглядзе ўраду Польшчы.

Акрамя таго, што людзям, якія былі зьвязаныя са спэцслужбамі ПНР, будзе забаронена займаць кіраўнічыя пасады ў ВНУ, то яны таксама ня змогуць быць у кіраўніцтве Польскай акадэміі навук ды Польскай акрэдытацыйнай камісіі. У праекце закону таксама гаворыцца, што такія грамадзяне ня змогуць быць экспэртамі пры супрацы з ВНУ ды згаданымі інстытутамі. Больш за тое, былым супрацоўнікам спэцслужбаў будзе забаронена займаць пасады ў Радзе навуковага дасканаленьня, якая займаецца прысваеньнем тытулаў доктара ды ацэнкай навуковых праектаў.

Тэрмін «спэцслужбы ПНР» акрэсьлівае Закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці Польшчы. У ім гаворыцца, што да спэцслужбаў залічваецца Міністэрства грамадзкай бясьпекі, Служба бясьпекі, міліцыя, Ваенная інфармацыя, Ваенная ўнутраная служба ды ваенная разьведка ПНР.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG