Вэтэрынары абыходзяць кватэры і прапануюць зрабіць прышчэпкі жывёлам.
Як паведамляе TUT.BY, спэцыялісты ўжо выявілі, у якіх раёнах і з кім кантактаваў шалёны сабака.
«Ад 23 студзеня ў трох раёнах Менску — Кастрычніцкім, Фрунзэнскім і Маскоўскім — уводзіцца карантын, — пацьвердзілі на Менскай гарадзкой вэтэрынарнай станцыі. — На гэты час жывёлам з гэтай тэрыторыі будзе забаронена наведваць выставы і пакідаць межы раёну. Гэта значыць, некаторыя жывёлы будуць „невыязнымі“. Зьвесткі знаходзяцца ў дзяржаўных вэтэрынарных клініках па месцы жыхарства ўладальнікаў жывёл».
Тым часам супрацоўнікі вэтстанцыі пачалі абыход кватэраў з прапановамі прышчэпак. Аднак гаспадары неахвотна адчыняюць дзьверы і адмаўляюцца ад вакцынацыі.
Пакуль дакладна невядома, каго мог пакусаць ці падрапаць шалёны канэ-корса, пакуль быў без нагляду. Вядома, што сабака нарадзіўся ў кастрычніку 2015 году і да студзеня 2018-га жыў на вуліцы Мініна ў сям’і, дзе трое маленькіх дзяцей. Нядаўна ўладальнікі прадалі сабаку, сьцьвярджаючы, што не было ніякіх падазрэньняў на шаленства.
Новы гаспадар практычна адразу перапрадаў яго ў Фрунзэнскім раёне жанчыне, якая сказала, што сваякі былі супраць свойскай жывёлы, таму яна 7 студзеня выкінула сабаку ў намордніку ў раёне вуліцы Кіжаватава.
11 студзеня сабаку падабралі валянтэры. Заўважыўшы, што з гадаванцам нешта ня так, яго прывезьлі на кансультацыю ў Менскую гарадзкую вэтэрынарную станцыю.
У сабакі была нэрвовая форма, курчы, лекар распарадзіўся адвезьці яго на карантын у прыёмнік на вуліцы Гурскага. Але жывёла памерла. 19 студзеня быў атрыманы вынік — у канэ-корса выяўлена шаленства.
У мэтах прафіляктыкі адмыслоўцы рэкамэндуюць ня гладзіць бадзяжных жывёл, а пры выяўленьні зь іх боку беспрычыннай агрэсіі паведаміць у вэтэрынарную службу.