Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць беспрацоўных у сьвеце дасягнула 192,7 мільёна чалавек, або 5,6% усяго насельніцтва. А як у Беларусі?


Ілюстрацыйнае фота. Мітынг прадпрымальнікаў у Менску, 2016 год

Міжнародная арганізацыя працы апублікавала даклад па беспрацоўі. Згодна зь ім, колькасьць беспрацоўных у сьвеце дасягнула рэкордных 192,7 мільёна чалавек.

Міжнародная арганізацыя працы (МАП), якая зьяўляецца спэцыялізаванай установай ААН, апублікавала штогадовы даклад пра беспрацоўе ў сьвеце. Адпаведнае дасьледаваньне разьмешчанае на сайце арганізацыі.

У 2017 годзе ўзровень сусьветнага беспрацоўя, паводле ацэнак спэцыялістаў, пабіў чарговы рэкорд, склаўшы 5,6% ці 192,7 мільёна чалавек. У параўнаньні з 2016 годам гэтая лічба павялічылася на 2,6 млн чалавек, заўважылі ў арганізацыі.

Згодна з прагнозам, у 2018 годзе глябальнае беспрацоўе «стабілізуецца пасьля актыўнага росту ў 2016 годзе». На працягу 2018 году ўзровень беспрацоўя ў сьвеце, як мяркуюць аналітыкі МАП, «зьнізіцца на 0,1%». Пры гэтым колькасьць беспрацоўных, на іх думку, захаваецца практычна бязь зьменаў нягледзячы на павелічэньне колькасьці людзей, якія працуюць.

У якасьці іншых тэндэнцыяў у сфэры занятасьці ў сьвеце у 2018 годзе экспэрты назвалі ператок працоўных з прамысловасьці ў сэрвіс, «заўчасную дэіндустрыялізацыю», як у краінах Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі, у краінах, якія разьвіваюцца, а таксама рост нагрузкі на пэнсійныя сыстэмы.

У 2019 годзе колькасьць беспрацоўных у сьвеце, паводле прагнозаў МАП, вырасьце да 193,6 мільёна чалавек. Нягледзячы на гэта, узровень беспрацоўя сярод моладзі (людзей ва ўзросьце да 25 гадоў), на думку прадстаўнікоў МАП, зьнізіцца. На дадзены момант у сьвеце ён складае 13%, што на думку экспэртаў, уяўляе сабой «сур’ёзную глябальную праблему». Найбольш востра гэтае пытаньне стаіць у Паўночнай Афрыцы — там беспрацоўнымі зьяўляюцца амаль 30% маладых людзей. Акрамя таго, гэтую праблему, на думку аналітыкаў, пагаршае гендэрная няроўнасьць сярод маладых супрацоўнікаў.

А як у Беларусі?

У Беларусі колькасьць сапраўдных беспрацоўных значна перавышае колькасьць афіцыйных беспрацоўных.

Так, паводле дадзеных Белстату за 2017 год, на канец году колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных скарацілася ў параўнаньні з пачаткам году ледзь не ўдвая: з 43,1 тыс беспрацоўных у сакавіку да 24,7 тыс беспрацоўных у лістападзе 2017 году (усяго каля 0,6% эканамічна актыўнага насельніцтва).

Лічбы пра рэальнае беспрацоўе публікуюцца дзяржавай вельмі рэдка, але фактычнае беспрацоўе значна большае: у лютым 2017 году была названая лічба ў 260 тысяч рэальных беспрацоўных, або 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, што ў 7,365 разоў больш за 35,3 тысячы афіцыйна зарэгістраваных на той момант. Дадзеныя па фактычным беспрацоўі ў 2017 былі апублікаваныя чацьвёрты раз у гісторыі незалежнай Беларусі. У 1999 годзе фактычнае беспрацоўе складала 6,2%, у 2009 — 6,1%, у 2012 — 5,6%.

Паводле дасьледаваньня Белстату 2017 году «Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцьця насельніцтва», колькасьць людзей, занятых у эканоміцы ў 2010-2016 гадах, зьніжалася ў Беларусі пяць год запар.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG