Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 студзеня памёр беларускі пісьменьнік, эколяг, грамадзкі дзяяч Васіль Якавенка. Пра ягоны адыход паведаміў унук пісьменьніка Ян Мачульскі.

Васіль Якавенка нарадзіўся 5 траўня 1936 году ў вёсцы Пажыхар Васілевіцкага (цяпер Сьветлагорскага) раёну Гомельскай вобласьці ў сялянскай сям’і.

У 1956 годзе скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спэцыяльнасьці геоляг, пазьней — Белдзяржунівэрсытэт. Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынэрам у розных геалягічных партыях і праектных інстытутах.

Друкаваўся ў СМІ з 1957 году. Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у часопісе «Полымя».

Быў сакратаром праўленьня Саюзу кінэматаграфістаў БССР. З 1990 году — прэзыдэнт Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу «Чарнобыль». Сябра Саюзу пісьменьнікаў з 1977 году.

У 1980-я гады актыўна выступаў супраць вялікага мэліярацыйнага праекту абвалаваньня і выпростваньня рэчышча Прыпяці. У выніку праект мэліярацыі яе поймы быў скасаваны.

Васіль Якавенка, 2008 год
Васіль Якавенка, 2008 год

Васіль Якавенка заснаваў грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз «Чарнобыль». У 1991 годзе стварыў і рэдагаваў да 1996 году сацыяльна-экалягічную газэту «Набат».

Быў каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці». У 2007 годзе рэдагаваў грамадзкі бюлетэнь «Рэха ГУЛАГу».

У 1994 годзе Васіль Якавенка стаў ляўрэатам альтэрнатыўнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Нансэна, а ў 2016-м узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.

Напісаў кнігі «Крушэньне на ростані», «Прывіды Шанхаю над Сьвіслаччу», гістарычны раман «Надлом», трылёгію «Пакутны век».

Васіль Якавенка балюча адрэагаваў на абвінавачваньні старшыні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, што ён і пісьменьнік Уладзімер Арлоў «услаўляюць фашызм», і падаў на Чаргінца ў суд.

«Мы супраць твораў таго ж Уладзімера Арлова і таго ж Васіля Якавенкі, — заявіў Чаргінец. — Яны адкрыта ўслаўляюць фашызм і патрабуюць назваць у Менску вуліцу імем Вільгельма Кубэ, гаўляйтэра Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі... Гэтыя „хлопчыкі ад пяра“ патрабуюць зрабіць гэта ў Беларусі, дзе загінуў кожны трэці грамадзянін», — сказаў кіраўнік СПБ.

Пра месца і час пахаваньня і разьвітаньня з Васілём Якавенкам будзе паведамлена пазьней.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG