22 студзеня Украіна адзначае Дзень саборнасьці. У гонар сьвята ад Эўрапейскай плошчы да канца вуліцы Крэшчацік ў Кіеве людзі расьцягнулі сьцяг даўжынёй 1 км 69 м 95 см.
Трымалі сьцяг больш за 700 чалавек, на ім былі прадстаўлены ўсе гарады і раёны Украіны, у тым ліку Крым, Данецкая і Луганская вобласьці.
Таксама актывісты ў Кіеве ўтварылі «жывы ланцуг» саборнасьці.
Гэтая акцыя павінна была нагадаць пра іншы «жывы ланцуг» 21 студзеня 1990 году даўжынёй больш за 600 кілямэтраў — ад Кіева да Львова.
Акцыя 1990 году была самай масавай акцыяй прыхільнікаў незалежнасці тады яшчэ савецкай Украіны. Яна была праведзена пасьля таго, як аналягічныя акцыі за выхад са складу СССР прайшлі ў рэспубліках Балтыі: Літве, Латвіі і Эстоніі.