Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Oxfam: Каля 82% сусьветнага багацьця дасталося 1% насельніцтва Зямлі


Ілюстрацыйнае фота. Пратэстоўцы ў масках, якія паказваюць лідэраў краінаў G7, падчас дэманстрацыі, арганізаванай Oxfam на Сыцыліі, Італія. 25 траўня 2017 году

Міжнародная арганізацыя Oxfam апублікавала чарговы даклад аб маёмасным расслаеньні ў сьвеце. Зь яго вынікае, што босы карпарацый сталі яшчэ багацейшымі, а рабочыя і сяляне зьбяднелі.

У традыцыйнай справаздачы арганізацыі Oxfam, прымеркаванай да старту міжнароднага эканамічнага форуму ў швайцарскім Давосе, паказваецца, што багацьце найбольш заможных людзей плянэты за год вырасла, і цяпер усяго 1% насельніцтва Зямлі валодае 82% усіх багацьцяў. Маёмасьць 3,7 млрд жыхароў плянэты пры гэтым засталася нязьменнай.

У Oxfam паказваюць, што супольнае багацьце мільярдэраў з 2010 году павялічылася на 13%. Іх багацьце павялічвалася ў шэсьць разоў хутчэй, чым заробкі звычайных рабочых і службоўцаў па ўсёй плянэце.

Аўтары дакладу тлумачаць, што самыя заможныя жыхары плянэты разбагацелі ў тым ліку за кошт пагаршэньня ўмоваў працы для рабочых і службоўцаў. Адначасова з уразаньнем правоў працоўных расьце ўплыў буйнога бізнэсу на прыняцьце дзяржаўных рашэньняў, а таксама павялічваюцца выплаты асноўным акцыянэрам.

«Павелічэньне колькасьці мільярдэраў азначае ня рост эканомікі, а наадварот, правал сыстэмы. Тыя, хто шые вопратку, зьбірае тэлефоны, вырошчвае ежу, эксплюатуюцца дзеля стварэньня бесьперапыннага патоку танных тавараў і павелічэньня прыбытку буйных карпарацыяў», — заявіў выканаўчы дырэктар Oxfam Віні Б'яніма.

Пры гэтым Б'яніма распавёў, што эксплюатацыю зазнаюць як жыхары краінаў, якія разьвіваюцца, так і рабочыя ў ЗША. Напрыклад, у Віетнаме жанчыны, якія працуюць на швейных фабрыках, месяцамі ня бачаць сваіх дзяцей, а жанчыны, якія працуюць на птушкагадоўчых прадпрыемствах Злучаных Штатаў, вымушаныя прыходзіць на працу ў пампэрсах, таму што падчас зьмены ім забараняюць хадзіць у прыбіральню.

У сярэдзіне студзеня 2017 году Oxfam апублікавала даклад, зь якога вынікае, што капіталы васьмі найбагацейшых жыхароў плянэты і 50% чалавецтва зраўняліся.

Паводле падлікаў экспэртаў Oxfam, сукупнае «багацьце» 3,6 мільярдаў самых бедных людзей сьвету складала прыкладна 426 млрд даляраў — у сярэднім па 118 даляраў на кожнага. Тыя ж 426 млрд даляраў былі ў васьмі найбагацейшых людзей сьвету — Біла Гейтса (75 млрд даляраў), Амансіё Артэгі (67 млрд даляраў), Уорэна Бафэта (60,8 млрд даляраў), Карласа Сьліма (50 млрд даляраў), Джэфа Бэзаса (45,2 млрд даляраў), Марка Цукербэрга (44,6 млрд даляраў), Лары Элісана (43,6 млрд даляраў) і Майкла Блумбэрга (40 млрд даляраў).

Oxfam — міжнародная канфэдэрацыя 20 недзяржаўных арганізацыяў, якія працуюць з партнэрамі ў больш як 90 краінах, была створаная ў 1942 годзе і выступае ў абарону людзей, якія апынуліся па-за рысай беднасьці і якія сталі ахвярамі гендэрнай няроўнасьці. Штогод яна публікуе даклады з прапановамі паляпшэньня жыцьця людзей на ўсёй плянэце.

XS
SM
MD
LG