Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amazon адкрые першую краму без касіраў і касаў


Заснавальнік Amazon Джэф Бэзас

Спэцыяльныя камэры і датчыкі будуць адсочваць тавары, якія набываюць пакупнікі.

Кампанія Amazon.com 22 студзеня адкрывае для наведваньня першую харчовую краму бяз касаў. Экспэрымэнт, якому папярэднічаў тэставы пэрыяд працягласьцю больш за год, можа кардынальна зьмяніць традыцыйны раздробны гандаль, перадае «Голас Амэрыкі».

Крама Amazon Go ў Сіэтле абсталяваная камэрамі і датчыкамі, што адсочваюць, якія тавары пакупнікі бяруць з паліц і якія кладуць назад. Касавыя апараты і чэргі да касаў стануць непатрэбнымі — пасьля выхаду з крамы грошы за выбраныя тавары будуць сьпісаныя з банкаўскай карты пакупніка аўтаматычна.

Для кампаній раздробнага гандлю адкрыцьцё крамы азначае патэнцыйны падрыў іх пазыцый, зьвязаны з найбуйнейшым у сьвеце анлайнавым прадаўцом, што летась купіў сетку супэрмаркетаў Whole Foods Market, якія гандлююць прэміяльнымі прадуктамі, за 13,7 мільярда даляраў. Доўгія чэргі адштурхваюць пакупнікоў, таму кампанія, якая знойдзе спосаб ад іх пазбавіцца, атрымае перавагу на рынку.

Кампанія Amazon не паведамляла, ці мае яна намер адкрываць крамы Amazon Go ў іншых месцах. Яна таксама заяўляе, што не плянуе выкарыстоўваць бяскасавую тэхналёгію ў крамах Whole Foods Market.

Крама Amazon Go працавала ў тэставым рэжыме зь 5 сьнежня 2016 году, але карыстацца ёй маглі толькі супрацоўнікі Amazon. Тады кампанія плянавала, што крама пяройдзе да працы ў звычайным рэжыме на пачатку 2017 году.

Аднак узьніклі праблемы, паведаміла Reuters інфармаваная крыніца. Не заўсёды ўдавалася правільна ідэнтыфікаваць пакупнікоў, падобных камплекцыяй. Калі ў пэрыяд праверкі пакупнікі прыходзілі ў краму зь дзецьмі, яны выклікалі хаос, няправільна складаючы тавары.

Віцэ-прэзыдэнт Amazon Go Джыяна Пуэрыні заявіла, што ў пэрыяд праверкі крама спрацавала вельмі добра дзякуючы папярэдняй працы, якая заняла чатыры гады.

«Гэтай тэхналёгіі проста не было, — сказала Пуэрыні, шпацыруючы па краме ў Сіэтле. — Яна стала новым дасягненьнем у кампутарным зроку і машынным навучаньні».

XS
SM
MD
LG