Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню выйшла кніга культавага амэрыканца Чарльза Букоўскага па-беларуску


Вершы. Віно. Размовы пра жыцьцё і літаратуру. Менавіта ў такім фармаце задуманая прэзэнтацыя першай кнігі Чарльза Букоўскага па-беларуску «Сьвятло, і паветра, і месца, і час».

Яна выйшла ў выдавецтве «Харвест» напрыканцы мінулага году, а прэзэнтавацца будзе 24 студзеня ў кнігарні «Логвінаў».

Фарматам імпрэзы арганізатары хочуць акцэнтаваць рысы неардынарнай асобы аўтара і яго творчасьці. Клясычная музыка, адзінота, алькагалізм, вар’яцтва, жанчыны, сэкс, каханьне і скокі — усё гэта Чарльз Букоўскі, культавы амэрыканскі паэт і празаік ХХ стагодзьдзя.

Ягоная кніга вершаў, пераствораных па-беларуску, шмат у чым аўтабіяграфічная. І хоць манера пісьма паэта можа шакаваць натуралізмам, здавацца цынічнай і грубай, улічваючы выкарыстаньне нецэнзурнай лексыкі, яго тэксты тояць лёгка ранімага, тонкага і разумнага лірыка — жывога чалавека. У гэтым перакананая ініцыятарка выданьня і адна зь перакладчыц (разам зь Юляй Цімафеевай і Натальляй Бінкевіч) Ганна Комар.

Ганна Комар
Ганна Комар

«Першым вершам Букоўскага, які я прачытала, быў „Затор“. Ён настолькі зацягнуў мяне, што ўмомант я згубіла адчуваньне часу і прасторы, апынуўшыся на месцы кіроўцы, які „слухаў навіны сьвету“ сёмы раз, і ў вечаровым паветры, шэрым ад клубоў выхлапаў, „глядзеў на адну і тую ж дурную башку, што тырчала над сядзеньнем у машыне наперадзе“. Гэта была паўсядзённасьць кіроўцы на аўтастрадзе Лос-Анджэлеса. І паэзія паўсядзённасьці.

Чарльза Букоўскага называюць прадстаўніком бруднага рэалізму, і я не аспрэчвала б гэтага. Больш за тое, менавіта гэты брудны рэалізм мяне, напэўна, і захапіў. Забіць на людзей, забіць на працу, забіць на тое, што скажуць і падумаюць, забіць на тое, што ты ясі, дзе ты сьпіш, з кім сьпіш, мыесься ты ці не, голісься ці не, што на табе адзета — забіць абсалютна на ўсё. І адчуваць сябе камфортна! На той час, калі я загарэлася ідэяй выданьня гэтай кнігі, мне ягоны стыль жыцьця падаўся высокай ступеньню свабоды, на якую я ніколі не наважуся, хоць мне яна дужа цікавая.

І ў той жа час гэта чалавек, які захапляўся клясычнай музыкай, знаходзячы Гайдна „каханьнем, вольна перакладзеным у гук“, а Вагнэра — „кіпучым дзівам цёмных сіл“. Чалавек, які настолькі зачытаў Хэмінгуэя, што той пачаў яго раздражняць, які ў маленькай бібліятэчцы Тэхаса чытаў „Нататкі з падпольля“ Фёдара Дастаеўскага. Чалавек вельмі самотны і чуйны, у чыім сэрцы жыў сіні птах. Чалавек, для якога жыцьцёва важным было пісаць, проста пісаць, ня дзеля грошай і славы.

Букоўскі шчыры. Ён крытыкуе ўсіх: журналістаў, сучасных паэтаў, палітыкаў, баязліўцаў, крывадушных, чалавеканенавісьнікаў. Але сама жорстка ставіцца, у першую чаргу, да сябе. Гэта адсутнасьць дваістых стандартаў. Сьмеласьць кінуць выклік самападману».

Захопленая гэтай сьмеласьцю Чарльза Букоўскага, маладая беларуская паэтка і перакладчыца Ганна Комар прызнаецца, што яе мэтай пры складаньні кнігі было не шакаваць чытача, а хутчэй паказаць аўтара з таго боку, які найлепш раскрываецца ў ягоных вершах.

«Мне падаецца, — кажа яна, — што Букоўскі пісаў пра зразумелыя нам зямныя рэчы, і паколькі ён адзеў іх у паэтычную форму, гэта нібыта стварае алібі для нас, таму што мы можам пазнаць у ягоных вершах сябе, свае думкі, праблемы ці сытуацыі (п’янкі і адхаднякі, загулы і пяшчотнае каханьне, натхненьне і праца, непаразуменьне з бацькамі і грамадзтвам), але нам ня трэба прызнавацца ў гэтым, можна проста сказаць, што мы любім вершы Букоўскага».

Чарльз Букоўскі
Чарльз Букоўскі

Чарльз Букоўскі (сапраўднае імя — Генрых Карл Букоўскі) нарадзіўся 16 жніўня 1920 году ў горадзе Андэрнах, Нямеччына, у сям’і амэрыканскага вайскоўца польскага паходжаньня Генрыха Букоўскага і немкі Катарыны Фэт. У 1923 годзе сям’я пераяжджае ў ЗША і з 1926 году пасяляецца ў Лос-Анджэлесе, дзе Букоўскі пражыве амаль усё жыцьцё.

У 1941 годзе Чарльз сыходзіць з дому, пасьля таго як бацька, прачытаўшы ягоныя апавяданьні, літаральна выкідвае сына на двор. Расчараваўшыся ў пісьменьніцтве, Букоўскі амаль дзесяць гадоў нічога ня піша. У 1955 годзе, пасьля выпіскі з клінікі, куды ён трапіў з дыягназам «крывацечная язва» ад празьмернага ўжываньня алькаголю, ён зноў пачынае пісаць, у асноўным вершы. Апошні паэтычны зборнік, які выходзіць пры жыцьці аўтара, — «Вершы апошняй ночы на Зямлі». Большасьць перакладаў у беларускамоўным выданьні складаюць вершы менавіта адтуль.

Чарльз Букоўскі памёр 9 сакавіка 1994 году ад лейкеміі. Цырымонію пахаваньня правялі будысцкія манахі. На яго магільнай пліце напісана «Не спрабуй» (Don’t try).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG