Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмеркавалі Закон Украіны аб рэінтэграцыі Данбасу


18 студзеня ў Менску адбыўся першы сёлетні раўнд перамоваў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Дыскусія ішла аб прынятым Вярхоўнай Радай Ўкраіны Законе «Аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі па забесьпячэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей».

Прадстаўнік Арагнізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе амбасадар Марцін Сайдык адмовіўся камэнтаваць, як гэты закон паўплывае на ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе, заявіўшы, што сам яшчэ не пасьпеў яго прачытаць, бо дакумэнт прыняты толькі сёньня.

Старшыня так званай «ДНР» Аляксандар Захарчанка заявіў, што гэты закон парушае менскія дамоўленасьці і ён разьвяжа рукі ўкраінскай арміі.

Гуманітарная падгрупа абмеркавала ўмовы наступнага этапу вызваленьня закладнікаў на Данбасе. У мінулым годзе ўдалося дамовіцца і рэалізаваць абмен палоннымі ва ўзброеным канфлікце на Данбасе па формуле 233 баевікі на 73 украінскіх палонных. У палоне застаецца яшчэ больш за 100 украінскіх вайскоўцаў і цывільных асобаў.

Дар’я Аліфэр, прэс-сакратарка ўкраінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы, паведаміла, што бакі абмяняліся сьпісамі на чарговы абмен палоннымі, але ні яна, ні амбасадар Марцін Сайдык пра канкрэтныя лічбы не казалі. Аднак Сайдык высока ацаніў абмен 27 сьнежня, які, на яго думку, павінен станоўча паўплываць на ўвесь перамоўны працэс.

«Гэты абмен пасьля 15-месячнага перапынку ясна паказаў, што пры наяўнасьці палітычнай волі бакі могуць дамовіцца нават па самых складаных пытаньнях».

Паводле дыплямата, кантактная група ўзгадніла каляндар будучых сустрэчаў да канца лета.

«Я хацеў бы выказаць надзею, што гэты год стане вырашальным для ажыцьцяўленьня менскіх пагадненьняў», — заявіў Сайдык.

Наступная сустрэча кантактнай групы ў Менску заплянаваная на 31 студзеня. Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, у 2017 годзе Беларусь арганізавала 26 сустрэч трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG