Лінкі ўнівэрсальнага доступу

400 «маржоў» змагаюцца ў Сьвіслачы на этапе Кубка сьвету. ФОТА


У Беларусі ўпершыню праходзіць этап Кубка сьвету па зімовым плаваньні. Пазмагацца за мэдалі прыехала больш за 400 «маржоў» з 18 краін сьвету – ад суседняй Эстоніі да Чылі, а самаму старому ўдзельніку больш за 75 гадоў.

Заплывы аматараў зімняга плаваньня праходзяць у Менску ўжо трэці раз, але галоўным адрозьненьнем стала тое, што Minsk Open – 2018 стаў ня толькі чарговым адкрытым чэмпіянатам Беларусі, але і афіцыйным этапам Кубка сьвету «IWSA World Cup».

- Для нас гэта вельмі значная падзея, – распавёў Свабодзе Ўладзімер Шульган, старшыня беларускай фэдэрацыі гартаваньня і зімовага плаваньня. – Каб падрыхтаваць усё на найвышэйшым узроўні, неабходныя дакумэнты былі падпісаныя гарадзкой адміністрацыяй яшчэ ў жніўні мінулага году. Што датычыцца непасрэдна пляцоўкі, то яе пачалі рыхтаваць за шэсьць дзён да пачатку спаборніцтваў.

У спаборніцтвах прыме ўдзел больш за 400 спартоўцаў і аматараў, узрост якіх ад 8 да 78 год. Каля 30 чалавек – людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, якія прымаюць удзел на раўных з іншымі ўдзельнікамі.

Нягледзячы на тое, што найбольш прадстаўнікоў было з Расеі, Беларусі і Польшчы, прыляцелі «маржы» з самых розных краін сьвету: Эстонія, Латвія, Украіна, Аўстрыя, Фінляндыя, Данія, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, ЗША, Чылі, Манголія, Казахстан, Кітай і Ізраіль.

Агулам кожны ахвочы мог паспрабаваць сябе на дыстанцыях ад 25 да 450 мэтраў у розных стылях. Навінкай стане заплыў на 50 мэтраў у стылі «батэрфляй» – такі заплыў пакуль не зьяўляецца афіцыйнай дысцыплінай, аднак жа афіцыйна праходзіць пад эгідай IWSA. Агулам жа Мінск зьяўляецца адзіным этапам Кубка сьвету, дзе спаборніцтвы праходзяць менавіта ў «лядовым басэйне».

Афіцыйна мерапрыемства скончыцца 21 студзеня, а падчас закрыцьця праграмы гледачоў чакае эстафэта 4*50 мэтраў, удзел у якой прымуць прафэсійныя нацыянальныя зборныя.

XS
SM
MD
LG