Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баяцца трэба не маладзёнаў без трусоў, а людзей, якія патрабуюць над імі расправы»


Голы пратэст у Асьвенціме
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:02 0:00

У польскім Асьвенціме асудзілі беларусаў, якія правялі антываенны пэрформанс у былым канцлягеры. Яны вывесілі банэр з надпісам Love, разьдзеліся дагала і зарэзалі ягня. Ня ўсе зразумелі сэнс дзеі. І гаворка ня толькі пра суд. Ці ёсьць мяжа свабоды слова і мастацкага выяўленьня? Пра ўсё гэта ў сёньняшняй Зоне Свабоды.

У ёй удзельнічаюць Сяргей Навумчык і вядоўца тэлеканалу Радыё Свабода «Настоящее время» Цімур Алеўскі. На сувязі зь менскай студыі — Аляксандра Дынько.

«Судовая кара магла б стаць бонусам у іхнай кар’еры, але ня стане»

— Цімур, ці адэкватнае гэта пакараньне за такую акцыю? І ці ўвогуле за гэта павінны караць, калі мэта пэрформансу такая высокародная: пратэст супраць вайны?

Цімур Алеўскі
Цімур Алеўскі

Цімур Алеўскі: Калі мільёны людзей ня выйшлі пратэставаць супраць гэтага прысуду — значыць, гэта нармальны прысуд. Такія людзі — мастакі — рызыкуюць усім сваім жыцьцём. Яны рызыкуюць, што іх не зразумеюць і што яны памруць у галечы. Што сядуць у турму і што ніхто за іх не заступіцца. А пакараньне ў пэрформансах — гэта таксама частка мастацкага акту. Акцыя не завяршаецца ў той момант, калі іх затрымлівае паліцыя. І калі самі асуджаныя не разумеюць, што цяпер адбываецца, то яны атрымалі заслужанае пакараньне. А калі б людзі недзе ў Нью-Ёрку абмяркоўвалі пасьля іхнага пэрфомансу гісторыю Галакосту, то гэты год турмы быў бы бонусам у іхнай кар’еры. Але цяпер ён ня бонус.

Аляксандра Дынько: Мастацтва не павінна падабацца. Акты, у якіх ёсьць жаданьне падабацца публіцы, асабіста ў мяне выклікаюць падазрэньне. Галоўнай часткай пэрформансу для мяне ёсьць збор, аналіз, ацэнка, рэакцыі аўдыторыі. Мастацкая частка гэтага пэрформансу не была мне цікавая, падалася трохі банальнай і лабавой.

Але што да рэакцыі, якую ён выклікаў у беларускім грамадзтве, то камэнтатары былі вельмі салідарныя ў асуджэньні гэтай акцыі і вельмі агрэсіўныя. Людзі ня стрымліваліся ў выразах. Беларусы зусім ня ведаюць, што такое сучаснае мастацтва. Яны не разумеюць, што мастацтва можа судакранацца зь іхным жыцьцём наўпрост. Я б зазначыла патрыярхальнасьць камэнтатараў, якія акцэнтавалі сувязь паміж Адамам Бяляцкім і ягоным бацькам, праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Яны спрабуюць перакласьці адказнасьць на сям’ю. Мы назіраем агрэсіўнасьць і крыважэрнасьць беларускага грамадзтва. Баяцца трэба ня гэтых маладзёнаў без трусоў, а камэнтатараў, якія патрабуюць расправы.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык: Прысуд занадта жорсткі. Дастатковы быў бы штраф. Гэта від мастацкага выяўленьня, але ён проста няўдалы. Мастацкі твор мусіць быць самадастатковы. Калі вы напісалі карціну, вы ня мусіць пад ёй ставіць шыльду, што я хацеў гэтым сказаць тое і тое. Калі такое трэба рабіць, значыць, вы нечага не дарабілі. У адрозьненьне ад раману ці паэмы, пэрформанс у меншай ступені мусіць быць амбівалентны. Тут мае быць канкрэтны пасыл. І нехта можа сказаць: вось, маўляў, выйшлі людзі, разьдзеліся, яны гэтым самым паказваюць ахвяраў, якіх кідалі ў газавыя камэры. Яны, маўляў, узялі ягня і зарэзалі, што можна лічыць падтрымкай вайны. І паспрабуйце вы даказаць гэтаму чалавеку, што яны мелі на ўвазе нешта іншае.

Уявіце, што 10 чалавек прыйшлі ў Курапаты з добрымі намерамі — дэмакраты, беларусы — і нават без разьдзяваньня зарэзалі сабаку ці коціка, зьвяртаючы ўвагу, што гэтае месца належным чынам не мэмарыялізаванае. Сумняюся, што іхныя палітычныя прыхільнікі ацанілі б гэтую акцыю станоўча. І Аўшвіц зусім ня тое месца для такога.

«Няма забароненых тэмаў для сьмеху»

— Жартаваць дома людзі могуць пра што заўгодна. А ці павінны быць забароненыя тэмы для сатыры ў публічнай прасторы і жартаў увогуле?

Аляксандра Дынько
Аляксандра Дынько

Аляксандра Дынько: Няма забароненых тэмаў для сьмеху. Сьмех — гэта самая натуральная, бясшкодная і бяскрыўдная рэакцыя на ўсё, што адбываецца ў жыцьці. І немагчыма чалавеку гэта забараніць. І хаця б дзеля гэтага трэба адстойваць сатыру і гумар і лічыць гэта праявай свабоды слова. Іншая рэч, зь якой мэтай выкарыстоўваецца гэты сьмех. Калі мэта такой сатыры — прыніжэньне і цынізм, то змагацца трэба не са сьмехам, а з ідэямі ды ідэалёгіямі, якія гэты сьмех выкарыстоўваюць.

— Слова і мастацтва можа спрычыняць боль чалавеку, крыўдзіць яго. Цімур, памятаеце пэрформанс Pussy Riot у царкве? Многіх вернікаў гэта абразіла.

Цімур Алеўскі: Храм Хрыста Збаўцы Юрый Лужкоў пабудаваў у памяць пра сябе. Для масквічоў гэта ня быў намолены храм, які прыжыўся б у гэтым месцы. І толькі пасьля акцыі Pussy Riot, калі людзі іх клялі або баранілі, ён стаў намоленым храмам. Нездарма яго цяпер называюць Pussy Riot Church. І нават праз тысячу гадоў у гісторыі праваслаўя гэта будзе храм Pussy Riot. — Сяргей, у Амэрыцы легальна выходзіць нават газэта Ку-Клукс-Клану. Можна казаць усё, што заўгодна, абражаць, пакуль ты не заклікаеш да насільля. Дык можа гэта правільны шлях?

Сяргей Навумчык: У Амэрыцы былі вялікія спрэчкі, якія даходзілі да Вярхоўнага суду, — ці можна спальваць амэрыканскі сьцяг. І гэта можна. У такіх тэмах кожны вырашае сам. Я, напрыклад, ніколі і нідзе не ўжываю слова «жыд», хаця ў беларускай мове яно ёсьць. І ў нас яго шмат хто ўжывае без нэгатыўнай канатацыі. Але ёсьць сувязь з Галакостам. І дзеля ахвяраў я слова «жыд» не ўжываю.

Ці пэрформансы эфэктыўныя

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

— Падчас першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Чэхіі актывістка руху Femen, дарэчы, тая самая, якая ўчыніла «голы» пратэст падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў, зладзіла пэрформанс на ўчастку, дзе галасаваў прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман.

Сяргей, якім вы ўвогуле бачыце сэнс гэтай акцыі і падобных? Чаго гэтым можна дамагчыся? Пратэст супраць нямоглага, хворага чалавека, прэзыдэнта, абранага дэмакратычна, супраць якога няма ніякіх сьледзтваў і крымінальных абвінавачаньняў?

Сяргей Навумчык: Зэман мусіць зрабіць вялікі падарунак гэтай жанчыне, а чэскі ўрад павінен яе ўзнагародзіць мэдалём. Гэтая акцыя, на маё адчуваньне, выклікала большую сымпатую акурат да Зэмана ў тых, хто вагаўся. А другая прычына — акцыя паказала вялікую дзірку ў сыстэме аховы прэзыдэнта.

— Аляксандра, што б вы маглі назваць як прыклад сапраўды прыгожых і эфэктыўных мастацкіх акцыяў пратэсту?

Аляксандра Дынько: Найпрыгажэйшы пэрформанс, які мне прыходзіць у галаву, — знакаміты Bed-In For Peace, які зрабілі Ёка Она і Джон Ленан. Яны ляжалі цэлы тыдзень у ложку ў гатэлі «Hilton», пратэстуючы такім чынам супраць вайны ў Віетнаме. Цяпер бы гэты пэрформанс, напэўна, падаўся б вельмі «буржуазным». А цяперашнія пэрформансы — гэта калі чалавек выходзіць, рызыкуе сваім жыцьцём, здароўем і свабодай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG