Выдзеліць больш грошай на барацьбу з дэзынфармацыяй, падтрымаць якасную прэсу, павышаць мэдыяадукацыю грамадзян — такія прапановы гучалі ў сераду ў Эўрапарлямэнце падчас дэбатаў аб інфармацыйным уплыве Расеі. Апанэнты энтузіястаў барацьбы з інфармацыйным уплывам Расеі пярэчылі, што гэта ўсё — параноя.
«Вопыт паказвае, што расейская дэзынфармацыя можа быць вельмі пасьпяховай, і таму мы павінны падвоіць нашы намаганьні ў гэтай сфэры», — сказаў у пачатку дэбатаў Джуліян Кінг, сябра Эўракамісіі (ураду Эўразьвязу) ад Брытаніі, які адказвае ў тым ліку за інфармацыйную бясьпеку ЭЗ, паведамляе BBC.
Паводле ацэнкі Кінга, Масква мэтанакіравана і цэнтралізавана стараецца распаўсюджваць скажоную інфармацыю «па як мага большай колькасьці каналаў і на максымальна магчымай колькасьці моў» і разглядае гэта як цалкам дапушчальны сродак барацьбы з Захадам. Для пацьверджаньня апошняй думкі Кінг спаслаўся на ваенную дактрыну Расеі.
Эўрадэпутатка ад Латвіі Сандра Калніетэ, адкрываючы дэбаты, заклікала павялічыць фінансаваньне і штат спэцыяльнай групы ў ЭЗ, якая займаецца супрацьдзеяньнем дэзынфармацыі. Пра гэта ж пасьля казалі практычна ўсе калегі Калніетэ, за выключэньнем тых, хто схільны абараняць Расею.
Былая міністарка замежных спраў Латвіі Калніетэ заклікала кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Фэдэрыка Магерыні і іншых дыпляматаў Эўразьвязу рэгулярна нагадваць аб праблеме наўмыснай дэзынфармацыі на сустрэчах з расейцамі.
Акрамя таго, на думку Калніетэ, краіны ЭЗ павінны больш актыўна змагацца з адмываньнем расейскіх грошай, паколькі зь іх, на яе думку, фінансуюцца і падкантрольныя Крамлю або прыязныя яму выданьні ў Эўропе.
«І нацыянальныя ўрады, і Эўразьвяз павінны падтрымаць якасную журналістыку, інакш яна зьнікне», — дадала Сандра Калніетэ.