Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй прызначыла першага ў краіне міністра ў справах адзінокіх людзей.

Ім стала парлямэнцкая намесьніца міністра ў пытаньнях спорту і грамадзянскай супольнасьці Трэйсі Краўч, паведамляе Reuters.

«Для вельмі многіх людзей адзінота — гэта сумная рэальнасьць сучаснага жыцьця. Я хачу супрацьстаяць гэтаму выкліку для грамадзтва і зрабіць захады для вырашэньня праблемы адзіноты, якую перажываюць пажылыя людзі, апекуны і тыя, хто страціў блізкіх, — гэта значыць людзі, якім няма з кім пагаварыць, няма з кім падзяліцца сваімі думкамі і досьведам», — заявіла Тэрэза Мэй.

Паводле зьвестак Брытанскага Чырвонага Крыжа, больш за 9 мільёнаў чалавек у краіне (з насельніцтва 65,6 млн чалавек) заўсёды або часта адчуваюць сябе самотнымі, піша The Independent. Большасьць людзей, старэйшых за 75 гадоў, жывуць адны, каля 200 тысяч пажылых людзей не размаўлялі зь сябрамі або сваякамі больш за месяц. 85% маладых людзей з абмежаванымі магчымасьцямі адчуваюць сябе самотнымі.

Прэм’ер-міністарка стварыла пасаду міністра ў справах адзіноты ў Міністэрстве аховы здароўя па рэкамэндацыі парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях барацьбы з адзінотай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG