Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнакамандуючы NATO заклікаў адаптавацца да расейскай пагрозы


Керціс Скапароці

Галоўнакамандуючы сіламі NATO ў Эўропе генэрал Керціс Скапароці папярэдзіў, што Паўночнаатлянтычны зьвяз ня будзе «дамінуючым» у некаторых абласьцях празь пяць гадоў, калі ня зможа мадэрнізаваць свае ўзброеныя сілы і адаптавацца да ўсё большай пагрозы з боку Расеі. «У мяне, вядома, ёсьць асьцярогі ў дачыненьні да Расеі», — сказаў Скапароці на прэс-канфэрэнцыі ў Бруселі 17 студзеня пасьля сустрэчы кіраўнікоў абароны NATO.

Паводле ацэнкі генэрала, у цяперашні час NATO захоўвае сваё дамінаваньне. Аднак у некаторых сфэрах, у тым ліку ў кібэрпрасторы, альянс сутыкнуўся з сур’ёзнымі выклікамі. «Яны вельмі кампэтэнтныя ў гэтай галіне», — сказаў ён, маючы на ўвазе Расею. Існуюць і іншыя сфэры, дзе праз мадэрнізацыю мы ня будзем празь пяць гадоў захоўваць перавагу, калі ня здолеем адаптавацца, заявіў генэрал.

Зьвяртаючыся да пасяджэньня Вайсковага камітэту, самага высокага вайсковага ведамства альянсу, Скапароці заявіў, што «адраджэньне Расеі як стратэгічнага канкурэнта, усё большая занепакоенасьць і нестабільнасьць у Афрыцы і на Блізкім Усходзе, а таксама тэрарызм перабудоўваюць наша стратэгічнае асяродзьдзе».

Адносіны паміж Масквой і Захадам сур’ёзна сапсаваліся пасьля захопу Расеяй Крыму ў сакавіку 2014 году і падтрымкі сэпаратыстаў, якія кантралююць частку ўсходняй Украіны. З красавіка 2014 году ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны загінулі больш за 10 тысяч чалавек. На фоне росту напружанасьці NATO актывізавала сваю прысутнасьць у краінах-сябрах, якія зьяўляюцца суседзямі Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG