Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць добрае мастацтва, а ёсьць злое». Рэжысэр, супрацоўнік музэю «Аўшвіц-Біркенаў» і судзьдзя камэнтуюць пэрформанс у Асьвенціме


У Асьвенціме асудзілі ўдзельнікаў мастацкага пэрформансу каля брамы нацысцкага канцэнтрацыйнага лягеру.

24 сакавіка 2017 году ў Асьвенціме, каля брамы былога канцэнтрацыйнага лягеру зь вядомым на ўвесь сьвет надпісам «Arbeit macht frei» адбыўся пэрформанс. 12 чалавек, сярод якіх было пяць беларусаў, разьдзеліся дагала, завесілі слова «Arbeit» банэрам з надпісам «Love» і пачалі выкрыкваць антываенныя лёзунгі. Адзін зь іх пры гэтым забіваў прыведзенае з сабой ягня.

Удзельнікаў пэрформансу затрымала ахова музэю і паліцыя. Празь некалькі дзён маладых людзей, якія назвалі сваю акцыю пацыфісцкай, адпусьцілі. Дваіх беларусаў, сярод якіх сын вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Адам і рэжысэр-пачатковец Мікіта Валадзько, абвінавацілі ў арганізацыі акцыі і жорсткім забойстве жывёлы (на забітым ягняці аказалася 15 нажавых раненьняў) — ім пагражала 2,5 года і 2 гады 2 месяцы зьняволеньня адпаведна. Астатнім удзельнікам пэрформансу пракурор запатрабаваў па 1 годзе і 4 месяцы зьняволеньня кожнаму.

17 студзеня судзьдзя раённага суду Асьвенціму агучыла прысуды. Адам Бяляцкі быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве жывёлы, а таксама ў арганізацыі акцыі, якая зьняважыла месца забойства соцень тысяч людзей, і атрымаў 1 год 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Мікіта Валадзько, які быў рэжысэрам пэрформансу, прызнаны вінаватым у арганізацыі акцыі і жорсткім забойстве жывёлы, яго пакаралі 1 годам і 2 месяцамі пазбаўленьня волі. Іншыя ўдзельнікі пэрформансу атрымалі штрафы памерам 2000 злотых (каля 600 даляраў) і абмежаваньне волі тэрмінам на 1 год.

«Гэта быў нецывілізаваны працэс»

«Увесь гэты працэс судовы — гэта быў нецывілізаваны падыход, — за дзень да абвяшчэньня прысуду казаў Свабодзе Мікіта Валадзько. — Маю на ўвазе шок, які выклікала забітая ў Асьвенціме авечка. Для заходняй цывілізацыі гэта пройдзены этап. А для беларусаў, для палякаў гэта вось так. Мы як папуасы сябе паводзім... Але наступны раз будзе больш нармальная рэакцыя».

Па словах Мікіты, цяпер прыкладна палова з тых удзельнікаў пэрформансу, якія трапілі на лаву падсудных, шкадуюць аб зробленым. Маладыя людзі папросту не чакалі, што ўсё зойдзе настолькі далёка. Сам Мікіта таксама прызнаецца, што сьледзтва, судовы працэс, прапанаваныя пракурорам сурʼёзныя тэрміны і вырак сталі для яго непрыемным сюрпрызам. Аднак ён аб учыненым не шкадуе.

«Ці чакаў я такога? Ды я нічога не чакаў. Мы ж хацелі зрабіць твор мастацтва, і мы яго зрабілі, а людзі ўжо камэнтуюць, — кажа Мікіта. — У мастацтве ёсьць добрыя хлопчыкі, а ёсьць дрэнныя. Ёсьць такое мастацтва, якое радасьць, усьмешку і дабрыню выклікае, а ёсьць такое, якое выклікае злосьць. Нічога страшнага».

Па словах рэжысэра, удзельнікаў пэрформансу пры канцлягернай браме непакоіць неразуменьне яго сэнсу як у Беларусі, так і ў Польшчы.

«Цяпер даводзіцца тлумачыць усім, што мы мелі на ўвазе. Звычайна мастацтвам займаесься і нікому нічога не тлумачыш, — кажа Мікіта Валадзько. — А тут вось так, даводзіцца тлумачыць. А як гэта патлумачыць, калі яно невытлумачальна? Добра, што ўсё гэта цяпер здарылася, а не тады, калі мне было б 35. Затое наступны раз буду больш гатовы».

Пасьля сакавіцкай акцыі ў Мікіты Валадзько праблемы ня толькі з польскім правасудзьдзем. Адзін з тэатраў, дзе рэжысэр меўся ставіць дыплёмны спэктакль, адмовіўся ад супрацоўніцтва зь ім. Зьявіліся іншыя прапановы, але пакуль няпэўныя.

«Я думаю, нам удалося дамагчыся таго, чаго мы хацелі. Хаця б таму, што пра наш пэрформанс пішуць, — кажа Мікіта. — Пішуць, што гэта была пацыфісцкая акцыя, што яна мела нейкі сымбалізм. Пацыфісцкі пэрформанс. Для нас было важна сказаць пра гэта. Спачатку мы перажывалі, калі адразу пасьля яе нічога не было, цішыня на паўгода. Але цяпер я бачу, што мы размаўляем і мне ўдаецца расказаць, што гэта было. Пра яе антываенны пасыл».

«Як можна пратэставаць супраць гвалту, ужываючы гвалт?»

За працэсам, які ў мясцовых СМІ атрымаў назву «працэс аголеных», сачылі ня толькі родныя і блізкія абвінавачаных. На паседжаньнях прысутнічаў таксама прадстаўнік музэю, створанага на месцы былога нацысцкага канцэнтрацыйнага лягеру. Музэй, паводле рашэньня суду, атрымае ад Валадзько і Бяляцкага грашовую кампэнсацыю на агульную суму каля 3000 злотых (800 даляраў).

«Месца памяці — гэта асаблівае месца, — камэнтуе Свабодзе працэс над арганізатарамі пэрформанса прэс-сакратар музэю ў Асьвенціме Барташ Бартызэль. — Гэта перадусім могілкі. Іх наведваюць мільёны людзей з усяго сьвету. Выкарыстаньне гэтага месца ў якой-кольвек форме хэпэнінгу (мастацкай забаўляльнай акцыі. — РС) заслугоўвае пакараньня. І што найгорш — гэта непасрэдна бʼе ў памяць ахвяр, тых, хто тут быў забіты, хто прайшоў праз канцэнтрацыйны лягер Аўшвіц-Біркенаў».

Пасьля абвяшчэньня прысуду судзьдзя раённага суду Асьвенціму яшчэ каля 30 хвілін тлумачыла сваё рашэньне па кожным з абвінавачаных.

«Людзі прыходзяць туды, каб аплакваць сьмерць сваіх блізкіх, сьмерць у страшных муках. І ёсьць група маладых людзей, якія хочуць самасьцьвердзіцца... Як можна пратэставаць супраць гвалту, ужываючы гвалт? Гэта супярэчыць усяму... Адам Бяляцкі і Мікіта Валадзько, вы дастаткова маладыя людзі, маеце крыху больш за 20 гадоў. Але вы ведаеце, што робіце. Я хачу задаць вам пытаньне, на якое не чакаю адказу, — ці зрабілі б вы тое самае ў якім-небудзь іншым месцы? Ці зрабілі б гэта ў месцы, дзе пахаваныя вашы продкі? Думаю, што не».

Рашэньне прысудзіць Бяляцкаму і Валадзько тэрміны, амаль удвая меншыя за тыя, якіх патрабаваў пракурор, яна патлумачыла маладосьцю абвінавачаных і тым, што яны ўпершыню трапляюць за краты. Разам з тым судзьдзя адзначыла непрымальныя паводзіны Адама Бяляцкага на працэсе і тое, што ён нанёс ягняці 15 удараў — гэта ніяк ня сьведчыць пра жаданьне пазбавіць яго пакутаў, пра што Бяляцкі заяўляў падчас разгляду справы.

«Я не хачу ў турму»

На абвяшчэньне прысуду прыйшлі толькі чацьвёра з 12 абвінавачаных пэрформэраў. У тым ліку Адам Бяляцкі (ён адзіны меў дадзенага дзяржавай адваката) і Мікіта Валадзько. Бяляцкі пасьля прысуду катэгарычна адмовіўся размаўляць зь беларускімі СМІ. Падчас агучваньня рашэньня суду ён усьміхаўся.

«Гэта нейкая ганьба. Артыстаў нельга караць за твор мастацтва, — сказаў Мікіта Валадзько Свабодзе адразу пасьля абвяшчэньня прысуду. — Нічога там не адбылося такога, за што можна караць. Ніхто нікога не абразіў. Усё, што яны кажуць, гэта не даказана. Забойства жывёлы, так. Але гэта жывёла, яе можна забіваць... Што я буду зараз рабіць? Ня ведаю пакуль. Адваката трэба наймаць, я не хачу ў турму».

Кожны з 12 абвінавачаных па справе пэрформансу на тэрыторыі былога канцэнтрацыйнага лягеру ў Асьвенціме мае 7 дзён на абскарджаньне прысуду. Калі суд не задаволіць скаргі, Мікіта Валадзько і Адам Бяляцкі павінны будуць зьявіцца для адбыцьця пакараньня. На дадатак да ўсяго суд забараніў ім абодвум мець хатніх жывёл на працягу 10 гадоў.

«Час мастацкіх вольнасьцяў скончыўся». Мастак Міхаіл Гулін пра прысуд за акцыю ў Асьвенціме

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG