Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на Алімпіядзе пазмагаюцца за мэдалі ў шасьці відах спорту


Ілюстрацыйнае фота. Беларускі фрыстайліст Антон Кушнір на алімпіядзе ў Сочы ў 2014 годзе

У зімовых Алімпійскіх гульнях у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане выступяць амаль тры дзясяткі беларускіх спартоўцаў. Яны будуць змагацца за ўзнагароды ў шасьці дысцыплінах.

Гэта стала вядома на паседжаньні выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Такім чынам, 29 атлетаў зь Беларусі будуць прадстаўлены ў наступных відах спорту: біятлён, гарналыжны спорт, канькабежны спорт, лыжныя гонкі, фрыстайл і шорт-трэк.

На гэты момант афіцыйна пацьверджаныя імянныя квоты ў біятлёне, канькабежным спорце і шорт-трэку, у астатніх відах ліцэнзіі зьяўляюцца прамежкавымі. Склад беларускіх удзельнікаў у фрыстайле і лыжных гонках вызначыцца пасьля 23 студзеня па выніках удзелу ў міжнародных спаборніцтвах і месца ў рэйтынгу.

Канчатковая колькасьць ліцэнзій для беларусаў стане вядомай у канцы студзеня.

Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане пройдуць з 9 па 25 лютага. З прычыны шматлікіх допінгавых скандалаў у Паўднёвую Карэю не паедзе зборная Расеі, да стартаў дапусьцілі толькі «чыстых» спартоўцаў, якім дазволена выступіць пад нэўтральным сьцягам і без знакаў адрозьненьня на форме.

XS
SM
MD
LG