Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cьледчы камітэт выявіў чарговую фінансавую піраміду


Здымак абвінавачанага з сайту Сьледчага камітэту
Здымак абвінавачанага з сайту Сьледчага камітэту

Сьледчыя завершылі расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна кіраўніка беларускай галіны «KairosTechnologiesLTD». 25-гадовы пінчук са студзеня 2015 да верасьня 2016 году нелегальна браў у людзей грошы. 108 укладчыкам зь Беларусі і 250 з-за мяжы абяцалі 20% прыбытку ад унесенай сумы. Выплаты рабіліся за кошт новых інвэстараў, паведамляе Сьледчы камітэт.​

Укладчыкі здавалі ў арэнду частку жорсткага дыска і аплачвалі ўступны ўзнос — ад 125 да 2777 даляраў ЗША. Пасьля гэтага яны штомесяц атрымлівалі 20% ад унесенай сумы — нібыта за захоўваньне зашыфраванай інфармацыі буйных карпаратыўных кліентаў.

Платная арэнда часткі жорсткага дыска служыла асновай «легенды», згодна зь якой кампанія дзейнічала выключна ў IT-сфэры. Пры гэтым па надзейнасьці, хуткасьці доступу і цане прапанаваная паслуга не магла канкураваць з аналягічнымі прадуктамі буйных кампаній. Гэта пацьвердзіла кампутарна-тэхнічная экспэртыза.

Офіс арганізацыі зарэгістраваны ў Вялікай Брытаніі, а непасрэдныя куратары пінскага дзялка працавалі ва Ўкраіне. Яны сустракаліся зь ім сам-насам і давалі рэкамэндацыі, як разьвіваць галіну па прынцыпе піраміды Понці з элемэнтамі сеткавага маркетынгу.

Схема Понці (Ponzi Scheme) — інвэстыцыйная схема, якая прыносіць ранейшым інвэстарам прыбыткі за кошт сродкаў, атрыманых ад пазьнейшых удзельнікаў. У перапісцы ў сацыяльных сетках з замежнымі кампаньёнамі мужчына называў гэтую схему «гибло-затхлой».

Абвінавачаны на сваёй старонцы пазыцыянаваў сябе пасьпяховым бізнэсоўцам — разьмяшчаў фатаздымкі дарагіх гадзіньнікаў, тэлефонаў, гаджэтаў, аўтамабіля «Мэрсэдэс», фота з падарожжаў. Ён праводзіў яркія прэзэнтацыі, сэмінары і акцыі з прыёмамі, разьлічаныя на сярэднюю клясу.

У выніку мужчыну абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, учыненай арганізаванай групай (частка 3 артыкула 233 Крымінальнага кодэксу). Яго ўзялі пад варту, а маёмасьць арыштавалі.

Крымінальную адказнасьць за стварэньне фінансавых пірамід увялі ў 2015 годзе. Гэтая першая справа такога кшталту, перададзеная ў суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG