Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь засталася ў сьпісе несвабодных краін Freedom House


Рэйтынг свабоды ў сьвеце ў 2018 годзе ад Freedom House. Зялёным колерам пазначаныя свабодныя краіны, жоўтым — часткова свабодныя, лавандавым — несвабодныя

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House абнародавала справаздачу, дзе ацаніла ступень грамадзянскіх і палітычных свабод у 195 краінах сьвету.

Праваабаронцы прыйшлі да высновы, што за апошнія 12 гадоў узровень свабоды ў сьвеце зьніжаўся, дэмакратыя перажывае сур’ёзны крызіс. Скарачэньне грамадзянскіх і асабістых свабод адзначана ў 71 краіне сьвету, толькі 35 краін могуць пахваліцца падвышэньнем у паказьніках свабоды.

Беларусь, паводле дасьледчыкаў Freedom House, засталася ў групе несвабодных краін разам з Кітаем, Расеяй, Казахстанам, Турэччынай, Іранам, Сырыяй, Вэнэсуэлай, Эгіптам ды яшчэ 11 краінамі. А вось Украіна апынулася ў групе часткова свабодных краін, у якую ўваходзяць 28 дзяржаў, сярод іх таксама Кіргізстан, Армэнія, Азэрбайджан, Мэксыка, Бразылія, Індыя, Інданэзія, Паўднёвая Карэя ды іншыя.

16 краін сьвету названыя дасьледчыкамі Freedom House свабоднымі, сярод іх ЗША, Канада, Аргентына, Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, Эстонія, Грузія, ПАР, Аўстралія, Японія.

Вялікая група краін засталася неацэненай праваабаронцамі Freedom House, пры гэтым у некаторых зь іх адзначаныя пэўныя тэндэнцыі. Так, заходняя суседка Беларусі Польшча аказалася ў кампаніі з Турэччынай, Вэнэсуэлай і Тунісам, дзе адзначана зьніжэньне стандартаў дэмакратыі. Паводле аўтараў дасьледаваньня, тэндэнцыі на скарачэньне ўзроўню свабоды сталі магчымыя з прычыны працэсаў, якія адбываюцца ў ЗША.

Экспэрты Freedom House падкрэсьліваюць, што цягам апошніх 7 гадоў у ЗША зафіксавана «паступовае скарачэньне» грамадзянскіх свабод, а ў 2017 годзе гэты працэс паскорыўся праз «упэўненасьць, якая расьце, у факце расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкую кампанію і адсутнасьць эфэктыўных крокаў з боку новай адміністрацыі, накіраваных на тое, каб спыніць і не дазволіць такое ўмяшаньне ў будучыні». Адыграў сваю ролю, на думку аўтараў справаздачы, таксама адыход новай адміністрацыі Дональда Трампа ад базавых этычных нормаў ды зьніжэньне празрыстасьці ў дзеяньнях уладаў ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG