Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча прыняць Супэркубак УЭФА 2020 году на менскім стадыёне «Дынама»


Ілюстрацыйнае фота

Зацікаўленасьць у правядзеньні Супэркубку УЭФА ў 2020 годзе выказалі дзевяць нацыянальных асацыяцый, сярод іх — Беларуская фэдэрацыя футбола, паведамляе афіцыйны сайт УЭФА.

Беларусь прапануе правесьці матч за Супэркубак УЭФА на менскім стадыёне «Дынама», рэканструкцыя якога якога павінна завяршыцца да сярэдзіны 2018 году. Рэканструкцыя «Дынама» цягнецца зь вялікімі і малымі прыгодамі ўжо 5 гадоў, тэрмін здачы некалькі разоў пераносілі. Але на 2019 год на ім ужо заплянаванае правядзеньне Эўрапейскіх гульняў.

Ці дабудуюць Дынама? Ужо скралі траціну мільёна

Акрамя Беларусі, зацікаўленасьць у правядзеньні матчу за Супэркубак УЭФА-2020 выказалі Альбанія, Ізраіль, Казахстан, Малдова, Партугалія, Паўночная Ірляндыя, Фінляндыя і Францыя. Асацыяцыі, якія ў 2020 годзе прымуць матчы фінальнай стадыі чэмпіянату Эўропы, не маглі прэтэндаваць на арганізацыю Супэркубку УЭФА.

Конкурс па выбары стадыёна, дзе пройдзе Супэркубак УЭФА-2020, пачаўся 8 сьнежня 2017 году. Выказаць зацікаўленасьць у правядзеньні матчу асацыяцыі маглі да 12 студзеня 2018. Як адзначаецца на сайце УЭФА, выказваньне цікавасьці ня мае юрыдычнай сілы. Канчатковыя заяўкі разам з заявачным дасье павінны быць пададзеныя да 29 сакавіка 2018 году. Пасьля разгляду заявак УЭФА зробіць выбар у траўні 2018 году.

Супэркубак УЭФА — афіцыйны футбольны турнір, які адкрывае эўрапейскі сэзон і які складаецца з аднаго матчу, у якім сустракаюцца пераможцы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы папярэдняга сэзону. Розыгрыш звычайна праводзіцца ў канцы жніўня. Пераможцамі Супэркубку станавіліся 24 каманды, найбольш тытуляванымі з іх зьяўляюцца італьянскі «Мілан» і гішпанская «Барсэлёна», якія выйгралі па 5 гэтых трафэяў. Першым уладальнікам Супэркубку УЭФА ў 1972 годзе стаў галяндзкі «Аякс», цяперашні ўладальнік тытула — мадрыдзкі «Рэал».

У 2018 годзе Супэркубак УЭФА прыме эстонскі Талін, а у 2019 годзе трафэй будзе разыграны ў Стамбуле.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG