Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да арыштаванага кіраўніка чачэнскага «Мэмарыялу» не пускаюць лекара


Аюб Ціціеў
Аюб Ціціеў

Арыштаваны кіраўнік чачэнскага аддзяленьня расейскай праваабарончай арганізацыі "Мэмарыял" Аюб Ціціеў ня можа атрымаць мэдычную дапамогу, бо супрацоўнікі ізалятару ў горадзе Шалі не пускаюць да яго лекара. У самім ізалятары няма мэдычнага пакою, пэрсанал адмаўляецца пускаць лекара звонку, спасылаючыся на адсутнасьць распараджэньня сьледчага па крымінальнай справе Ціціева.

14 студзеня стала вядома, што сям'я Ціціева была вымушаная пакінуць тэрыторыю Чачні.

11 студзеня Шалінскі гарадзкі суд у Чачні арыштаваў Ціціева на два месяцы. Яго абвінавачваюць у захоўваньні наркотыкаў у буйным памеры. Ён быў затрыманы 9 студзеня па дарозе на працу і дастаўлены ў Курчалоеўскае аддзяленьне паліцыі. Да яго некалькі гадзін не пускалі адваката. У другой палове дня ў МУС рэспублікі паведамілі, што праваабаронцу падазраюць у захоўваньні 180 грам рэчыва «з пахам марыхуаны». Сам затрыманы адмаўляе віну.

Паводле раейскага выданьня «Новая газета», Ціціеву неаднаразова пагражалі ў сувязі зь яго праваабарончай дзейнасьцю на тэрыторыі Чачні. Ён узначаліў мясцовае прадстаўніцтва «Мэмарыялу» пасьля таго, як яго папярэдніца Натальля Эстэмірава была забітая летам 2009 года.

Злучаныя Штаты сур’ёзна занепакоеныя затрыманьнем Ціціева і заклікаюць расейскія ўлады неадкладна вызваліць яго і забясьпечыць абарону яго правоў. Пра гэта гаворылася ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША 10 студзеня. Паводле заявы, ёсьць абгрунтаваныя асьцярогі, што Ціціеў можа падвергнуцца неналежнаму абыходжаньню, калі застанецца пад вартай.

Камісар Рады Эўропы па правах чалавека Нілс Муйжніекс заклікаў расейскія ўлады вызваліць Ціціева. Ён падкрэсьліў, што праваабаронца падвяргаецца перасьледу па сумнеўных абвінавачваньнях. Ён таксама адзначыў, што кіраўнік чачэнскага прадстаўніцтва «Мэмарыялу» шмат гадоў ўносіць неацэнны ўклад у справу абароны правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG