Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць замяніць пажыцьцёвае зьняволеньне для двух менчукоў сьмяротнай карай


Belarus — Minsk city court

Пры пераглядзе крымінальнай справы аб падвойным забойстве ў Менскім гарадзкім судзе пракурор Сяргей Кротаў запатрабаваў для двух абвінавачаных мужчын замяніць ранейшы прысуд — пажыцьцёвае зьняволеньне — на сьмяротную кару. Дзяўчыне, якая праходзіць па справе, пракурор прапануе пакінуць 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, перадае БелТА.

Пры прызначэньні пакараньня пракурор просіць улічыць характар і ступень грамадзкай небясьпечнасьці злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі асабліва цяжкіх, канкрэтныя акалічнасьці справы, наступствы, а таксама асобы абвінавачаных.

У сакавіку 2017 году Менскі гарадзкі суд прыгаварыў Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарку за падвойнае забойства да пажыцьцёвага зьняволеньня, а замоўніцу злачынства, выхавацельку дзіцячага садку Аліну Шульганаву — да 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Аднак у ліпені Вярхоўны суд адмяніў прысуд. Справа накіраваная на перагляд іншым складам Менгарсуду.

Паводле вэрсіі сьледзтва, прычынай трагедыі стала рэўнасьць: 27-гадовая Аліна Шульганава хацела вярнуць былога хлопца. Яна папрасіла судзімага суседа і яго сябра зьбіць суперніцу. Аднак выканаўцы перастараліся і ў кватэры на вуліцы Алібегава забілі з асаблівай жорсткасьцю 24-гадовую жанчыну і 32-гадовага мужчыну. На целе ахвяраў экспэрты налічылі дзясяткі нажавых раненьняў. Пасьля забойства злачынцы забралі з кватэры забітых грошы, асабістыя рэчы і схаваліся.

Замоўніца злачынства, даведаўшыся пра забойства маладой пары, не паведаміла пра гэта ў праваахоўныя органы, а наадварот, двойчы сустракалася з адным з абвінавачаных, каб перадаць грошы.

За некалькі дзён да гэтага выканаўцы ўчынілі яшчэ адно забойства — забілі ў Калодзішчах 59-гадовага мужчыну. Прычынай нападу сталі 10 тысяч даляраў, якія захоўваліся ў доме загінулага.

Паводле заключэньня экспэртаў-псыхіятраў, абвінавачаныя ў поўнай ступені ўсьведамлялі фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў, перадае БелТА.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG