Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмарыяльных дошак у гонар стагодзьдзя БНР у Менску ня будзе


Аўтары пэтыцыі з просьбай ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку напярэдадні яе 100-годзьдзя атрымалі адказ ад намесьніка старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ігара Юркевіча.

У адказе гаворыцца, што ўстаноўка памятных дошак у Менску магчымая толькі «пры наяўнасьці дакумэнтаў, прадугледжаных пастановай Савету Міністраў», «зыходзячы з наяўнасьці ліста-абгрунтаваньня неабходнасьці ўвекавечваньня падзеі», які трэба ўзгадніць з уласьнікам будынка, дзе яна будзе вісець. Акрамя гэтага, неабходна ўзгадніць тэкст мэмарыяльнай дошкі, даць заключэньне дзяржаўнай навуковай камісіі і крыніцы фінансаваньня.

13 лістапада 2017 году на сайце petitions.by была створаная пэтыцыя «Ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку напярэдадні 100-годзьдзя з дня абвяшчэньня яе незалежнасьці, якое будзе адзначацца 25 сакавіка 2018 году».

Аўтары пэтыцыі адзначалі, што «павага і ўвага да сваёй гісторыі зьяўляюцца неад’емнай часткай моцнай нацыі і дзяржавы» і прапаноўвалі ўсталяваць памятныя дошкі і бела-чырвона-белыя сьцягі на будынках, зьвязаных зь дзейнасьцю БНР:

  • у Менску: на будынку былога Менскага гарадзкога тэатру (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатар ім. Я. Купалы), на будынку былога Дома губэрнатара (Рэспубліканскі музычны каледж), на дамах Маліна або Воліна на вуліцы Валадарскага (дамы 9 і 12), на Юбілейным доме (Незалежнасьці, 26);
  • у Горадні — на доме купца Мураўёва (пл. Савецкая,2);
  • у Магілёве — на будынку былога акруговага суда (цяпер Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, пл. Славы, 1).

Пэтыцыю падпісаў 941 чалавек, і 14 сьнежня 2017 году яе адправілі ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG