Міністры замежных спраў амаль двух дзясяткаў краін зьбяруцца 16 студзеня ў канадзкім Ванкувэры, каб абмеркаваць дыпляматычныя і фінансавыя шляхі стрымліваньня ядзерных амбіцый Паўночнай Карэі. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Ванкувэрская нарада, якая ладзіцца сумесна Канадай і ЗША, адбудзецца ў момант, калі напружанасьць на Карэйскім паўвостраве крыху зьнізілася, прынамсі часова. Заходніх дыпляматаў насьцярожвае, што ад удзелу ў сустрэчы адмовіўся Кітай — ключавы гулец пры дасягненьні любога доўгатэрміновага вырашэньня паўночнакарэйскай праблемы. Таксама стала вядома, што ня будзе ў Ванкувэры і расейскіх дыпляматаў. Паводле Масквы, Вашынгтон і яго саюзьнікі занадта жорстка ціснуць на Пхэньян.
Як заявілі ў замежнапалітычным ведамстве ЗША, удзельнікі разгледзяць пытаньне аб марской бясьпецы ў рэгіёне, у прыватнасьці аб перахопе суднаў, якія спрабуюць парушыць дзейныя санкцыі. Таксама на парадку дня блякаваньне фінансавых ды іншых рэсурсаў кіраўніцтва Паўночнай Карэі.
Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын ня праяўляе гатоўнасьці прыняць патрабаваньні міжнароднай супольнасьці. Пэкін таксама асудзіў сустрэчу ў Ванкувэры, заявіўшы, што падобны падыход «не прынясе належнага вырашэньня праблемы».