Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы падпісваюцца пад пэтыцыяй аб заканадаўчай забароне перасоўных дэльфінарыяў


Амаль 2,5 тысячы подпісаў сабрана пад пэтыцыяй з просьбай заканадаўча забараніць у Беларусі дзейнасьць перасоўных дэльфінарыяў.

Ініцыятарам пэтыцыі выступіў экалягічны актывіст з Мазыру Павел Наздра. Да яго зьвярнуліся па параду мясцовыя жыхары, якіх абурылі ўмовы ўтрыманьня млекакормячых ў перасоўным дэльфінарыі «Атлянтыда» з Расеі, паведамляе БелаПАН.

«Зьмяшчэньне дэльфінаў у перасоўным дэльфінарыі мае ўсе прыкметы жорсткага абыходжаньня з жывёламі. Жывёлы знаходзяцца ў бядотным становішчы. Каля дэльфінарыю непрыемны пах, што сьведчыць аб парушэньні санітарных нормаў..», — сказаў актывіст. Акрамя таго, паводле яго, у дэльфінарыі выкарыстоўваюць незразумелыя хімічныя рэчывы, якія дадаюць у ваду да дэльфінаў.

Павал Наздра таксама накіраваў зварот у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Яго пераслалі для рэагаваньня ў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, УУС Гомельскага аблвыканкаму і абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. У заяве ў Мінпрыроды Павал Наздра указаў, што перасоўны дэльфінарый ня мае дазволу на арганізацыю і правядзеньне забаўляльных мерапрыемстваў, а таксама на выкарыстаньне жывёл, што ўладальнік дэльфінарыю парушае закон аб рэкляме, а таксама заканадаўства, якое рэгулюе гастрольную дзейнасьць.

«Многія краіны ўжо ўвялі забарону на перасоўныя і стацыянарныя дэльфінарыі, паколькі марскія жывёлы падвяргаюцца жорсткасьці і стрэсу. Ва ўмовах перасоўных дэльфінарыяў проста немагчыма забясьпечыць неабходныя ўмовы для жыцьця марскіх жывёлаў», — адзначае актывіст.

Раней экалягічныя актывісты ўжо патрабавалі зачыніць менскі дэльфінарый «Нэма». Актывісты арганізацыі «Экалягічны Пошуг» раней правялі некалькі акцыяў пратэсту ў Менску за забарону дэльфінарыяў і заапаркаў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG