Каля 2000 чалавек, у асноўным жанчын, правялі ў сталіцы Польшчы акцыю пратэсту супраць ўзмацненьня жорсткасьці закону аб абортах. Пратэстоўцы, якія прыйшлі ў суботу, 13 студзеня, да будынка польскага Сэйму ў Варшаве, трымалі ў руках транспаранты «Ганьба!», «Дапамога мэдыцынская, ня божая», «Жанчыны без абортаў будуць паміраць», паведамляе DW.
Польскі парлямэнт у сераду, 10 студзеня, накіраваў на разгляд у спэцыяльную парлямэнцкую камісію законапраект, паводле якога нават няправільнае фарміраваньне плоду больш ня будзе зьяўляцца умовай для дазволу на аборт. Адначасова большасьць дэпутатаў Сэйму, уключаючы каля 30 палітыкаў зь ліку лібэральнай апазыцыі, прагаласавалі супраць лібэралізацыі законаў аб абортах.
Партыя «Закон і справядлівасьць», якая кіруе ў Польшчы зь 2015 году, праводзіць кансэрватыўную сямейную палітыку. Так, улады краіны ўжо спынілі фінансавую падтрымку штучнага апладненьня, а таксама дазволілі продаж супрацьзачаткавых таблетак толькі па рэцэптах. У кастрычніку 2016 году Сэйм пасьля масавых пратэстаў адхіліў законапраект аб практычна поўнай забароне абортаў.